«Афрыка для нас вельмі перспектыўны рэгіён». Анжаліка Нікіціна распавяла пра планы супрацоўніцтва Віцебскай вобласці з Бурундзі

«Африка для нас очень перспективный регион». Анжелика Никитина рассказала о планах по сотрудничеству Витебской области с Бурунди

На працягу двух дзён у Віцебскай вобласці знаходзіўся Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Бурундзі ў Расійскай Федэрацыі і па сумяшчальніцтве ў Рэспубліцы Беларусь спадар Жазеф Нкурунзіза. Гэта другі яго візіт у нашу рэспубліку, першы адбыўся восенню мінулага года, калі ў Мінску кіраўнік дыпкорпуса афрыканскай краіны ўручаў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку. Для другой афіцыйнай паездкі пасол Бурундзі выбраў Віцебскі рэгіён, патлумачыўшы, што ён прывабны найбагацейшай гісторыяй, прамысловым патэнцыялам, развітым сельскагаспадарчым сектарам і адкрытасцю для супрацоўніцтва.



– У нас кажуць: птушка, якая не лятае, не ведае, дзе знаходзіцца збожжа. Я прытрымліваюся гэтай прыказкі і вырашыў асабіста азнаёміцца з магчымасцямі развіцця нашых дзелавых і сяброўскіх адносін, – адзначыў Жазеф Нкурунзіза.

У першы дзень спадар пасол пабываў у Наваполацку і Полацку, азнаёміўся з прамысловым патэнцыялам нафтаграда, наведаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай, Сафійскі сабор і былы Полацкі калегіум.

У Віцебску адбылася сустрэча з намеснікам старшыні аблвыканкама Анжалікай Нікіцінай і кіраўнікамі найбуйнейшых прадпрыемстваў, зацікаўленых у дзелавых сувязях з Бурундзі.

Як адзначыла Анжаліка Нікіціна, прыярытэтным напрамкам супрацоўніцтва з краінамі Афрыкі, у тым ліку і з Бурундзі, з'яўляецца нарошчванне экспарту тавараў і паслуг. За мінулы год на афрыканскі кантынент адгружана тавараў на суму 316,5 тыс. долараў, што ў 7,6 раза вышэй за аб'ём 2023-га. За цяперашні студзень экспарт вырас у 10 разоў.

– Афрыка для нас вельмі перспектыўны рэгіён. Практычна ўсе віды прадукцыі, якія вырабляюцца на Віцебшчыне, запатрабаваны ў краінах другога па плошчы і колькасці насельніцтва кантынента. Мы прадаем нафтапрадукты, вырабы з дрэва, шклапластык, сухое малако і сыроватку, ільняныя тканіны, ветэрынарныя прэпараты, запчасткі да трактароў і іншае. Сёння ў рамках пілотнага праекта прапрацоўваецца арганізацыя паставак белай бляхі вытворчасці Міёрскага металапракатнага завода. Пакуль стрымліваючым фактарам з'яўляецца сістэма разлікаў, праходжанне плацяжоў, лагістыка, але ёсць даручэнні ліквідаваць гэтыя перашкоды, – патлумачыла Анжаліка Нікіціна.

Прадпрыемствы вобласці гатовы прапанаваць афрыканскім спажыўцам медыцынскія вырабы, станцыі водаачысткі і водападрыхтоўкі, тэлескапічныя пад'ёмнікі, пажарную і сельскагаспадарчую тэхніку, металаапрацоўчы інструмент, электрычны кабель ПА «Энергакомплект». Мы са свайго боку зацікаўлены ў пастаўках у Беларусь афрыканскіх садавіны, кавы, гарбаты, бавоўны, мінералаў, карысных выкапняў.

– У Віцебскай вобласці створаны ўсе ўмовы для развіцця лагістычнага патэнцыялу, рэгіён можа быць прамежкавым звяном у перамяшчэнні грузаў як з краін Афрыкі ў Расію, а ў будучыні і ў Еўропу, так і ў зваротным напрамку, – падкрэсліла Анжаліка Нікіціна.

Размова ішла і аб развіцці турызму. Бурундзі – адна з самых цэнтральных краін кантынента і вельмі прывабная для турыстаў. Тут знаходзіцца возера Танганьіка, другое па глыбіні пасля Байкала. У ім сканцэнтравана 18% сусветнага запасу прэснай вады. Уражваюць нацыянальны парк, саванны, багатая флора і фаўна. Дарэчы, атрымаць візы можна за адзін дзень у пасольстве або ў аэрапорце па прылёце.

– Я атрымаў вельмі падрабязную інфармацыю аб Віцебскім рэгіёне і магу сказаць, што мяне зацікавілі ўсе сферы эканомікі, якія былі прадстаўлены. Бачу вялікія перспектывы нашага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, – падсумаваў вынікі сустрэчы пасол Бурундзі.

Напрыканцы візіту Жазэф Нкурунзіза наведаў аграпрамысловыя аб'екты «Віцебскаблгаза». Бурундзі – сельскагаспадарчая краіна і зацікаўлена ў перадавых тэхналогіях у гэтай сферы. А нам ёсць што паказаць і чым падзяліцца.

"Віцебскія весці"