Афрыканская чума свіней у Віцебскай вобласці: каранцінныя зоны АЧС працягваюць дзейнічаць

Африканская чума свиней в Витебской области: карантинные зоны АЧС продолжают действовать

Нараду па прафілактыцы АЧС з удзелам дэпутатаў раённых і сельскіх Саветаў, галоўных ветурачоў раёнаў і сельгасарганізацый правёў у Доме культуры ветэрынарнай акадэміі першы намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Юрый Піваварчык. Таксама ў рабоце нарады прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, кіраўніцтва аблсельгаспрода і галоўны ветэрынарны ўрач вобласці Аляксандр Козак.

Аператыўнае правядзенне каранцінных мерапрыемстваў і ўзмацненне мер прафілактыкі ў барацьбе з вірусам забяспечылі Беларусі больш упэўненую пазіцыю, чым у суседзяў. І тым не менш сельскай гаспадарцы нанесены значны ўрон. Калі, згодна са статыстычнымі данымі, на 1 студзеня 2013 года агульнае пагалоўе свіней на Віцебшчыне складала амаль 80 тысяч галоў, то сёння засталося каля 20 тысяч.

— Каб захаваць наяўную колькасць жывёлы, нельга адступаць ні на крок ад прафілактычных мер, якія забяспечваюць біялагічную абарону жывёл, што рэгламентаваны Пастановай Саўміна «Аб дадатковых мерах па ліквідацыі і недапушчэнні распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных захворванняў жывёл», — падкрэсліў Юрый Піваварчык. — Гаспадарам падворкаў, якія выконваюць усе патрабаванні, не будуць забараняць трымаць свіней. Такая пазіцыя дзяржавы, аднак каранцінныя зоны па-ранейшаму будуць дзейнічаць.

Сітуацыя і надалей павінна быць пад кантролем. У сувязі з гэтым адказнасць ускладзена не толькі на ветэрынарных урачоў, але і мясцовыя органы ўлады, якія, па сцвярджэнні Юрыя Аляксеевіча, павінны актыўней працаваць з людзьмі. Ён нагадаў дэпутатам патрабаванне кіраўніка дзяржавы аб недапушчальнасці неўважлівага стаўлення чыноўнікаў да вяскоўцаў пры барацьбе з афрыканскай чумой свіней і запатрабаваў аказваць усялякае садзейнічанне насельніцтву, якое павінна быць забяспечана сродкамі прафілактыкі. Таксама закрануў адказнасць за парушэнне патрабаванняў і ўтойванне інфармацыі аб фактах незаконнага забою. Спытаюць за дапушчэнне ў гэтых пытаннях будзе строгім.

Андрэй ЗАХАРУК, "Віцьбічы"