Аграрыі Прыдзвіння здольныя заняць упэўненую пазіцыю на харчовым рынку
Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Леанід Заяц правёў з аграрыямі Віцебшчыны семінар-нараду па пытаннях павышэння эфектыўнасці галіны раслінаводства. Каля 700 кіраўнікоў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу вобласці прынялі ў ім удзел напярэдадні вясенніх палявых работ.
Секрэтамі высокіх ураджаяў, атрыманых дзякуючы прымяненню перадавых тэхналогій, падзяліліся вучоныя навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, прадстаўнікі Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці чалавека, а таксама кіраўнікі паспяховых прадпрыемстваў.
Адкрываючы семінар, Леанід Заяц нагадаў прысутным аб задачах, пастаўленых кіраўніком дзяржавы перад сельгаспрадпрыемствамі: неабходна знізіць сабекошт выпускаемай прадукцыі на чвэрць шляхам павышэння прадукцыйнасці працы і ўкаранення перадавых тэхналогій.
— Гэтыя патрабаванні выканальныя, — падкрэсліў міністр. — У кожным рэгіёне ёсць маякі, такія, як СПК «Ларынаўка» — адзін з лідэраў малочнай галіны. Іх вопыт неабходна браць на ўзбраенне і тым самым пакончыць з безгрошшам. Практыка паказвае, што гаспадаркі з высокай прадукцыйнасцю і вялікім пагалоўем жывёлы практычна не карыстаюцца крэдытамі банкаў, а здольныя самі сябе фінансаваць. У суседніх краінах ужо даўно атрымліваюць 12 тысяч літраў малака на карову, і гэта не мяжа. У хуткім будучыні Беларусь уступіць у САT. На рынак хлыне прадукцыя, з якой нашаму вытворцу няпроста канкураваць. Мы павінны ў новых эканамічных умовах пераканаць пакупніка аддаць перавагу свайму прадукту (малаку, масла, сырам), які будзе каштаваць у паўтара раза даражэй, чым імпартны, таму асаблівую ўвагу варта надаць якасці. Стратэгічная задача перад аграпрамысловым комплексам — максімальна павысіць прадукцыйнасць працы, забяспечыць перапрацоўшчыкаў таннай сыравінай, стварыць экспартны патэнцыял.
— Недастатак ведаў нельга папоўніць хімічнымі ўгнаеннямі, — прывёў вядомы аргумент акадэмік Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці чалавека Генадзь Косьяненка. — На беларускіх землях можна і трэба вырабляць экалагічна чысты прадукт, здольны вытрымаць самую высокую канкурэнцыю на еўрапейскім рынку. Вучоныя, якія працуюць па праграме ААН, прапануюць арганічныя фунгіцыды, якія прайшлі 3-гадовыя палявыя выпрабаванні на палях 36 краін свету. Нават ва ўмовах акісленых земляў Віцебскай вобласці можна атрымаць прыбаўку ў вытворчасці збожжавых і траў як мінімум на 20 працэнтаў, скараціўшы затраты на 30 працэнтаў.
У якасці прыкладу вучоны прывёў вопыт Цюменскай вобласці, дзе атрымалі летась ураджай пшаніцы, які пераўзыходзіць вынік Краснадарскага краю. На землях Віцебшчыны, на яго думку, цалкам рэальна атрымліваць у сярэднім 80 і больш цэнтнераў з гектара пшаніцы высокай якасці. Таксама перспектыўным з'яўляецца вырошчванне агароднінных культур і ягад. Неабходна зрабіць упор на глыбокую перапрацоўку. На міжнародных выстаўках беларуская прадукцыя заўсёды вырабляе фурор, а масквічы з раніцы выстройваюцца ў чаргу на рынках выхаднога дня, каб купіць малочку з сінявокай. Забяспечыўшы травастой дастатковай колькасцю арганiкi, можна атрымліваць высокапажыўныя кармы не толькі для ўласных патрэб, але і пастаўляць на экспарт.
— У сучасных умовах Беларусь можа заняць упэўненую пазіцыю на сусветным харчовым рынку, — лічыць госць з Масквы. — Для гэтага ў яе ёсць неабходныя рэзервы.
Прадстаўнікі беларускай навукі ў сваіх дакладах падрабязна спыніліся на асноўных напрамках рэсурсазберагальнага земляробства ва ўмовах Віцебскай вобласці, сучасных падыходах па павелічэнні прадукцыйнасці шматгадовых траў на ворыве і лугапашавых угоддзях, асаблівасцях вырошчвання збожжабабовых культур, азімага і яравога рапсу і іншых.
Падчас семінара ў фае канцэртнай залы «Віцебск» працавала выстава-дэгустацыя, на якой перапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебшчыны прадставілі навінкі прадукцыі.
Андрэй ЗАХАРАЎ. Фота аўтара. «Віцьбічы».