Аграрыі СВК «Мазалавагаз» Віцебскага раёна першымі ў вобласці завяршылі ўборачную кампанію
На ўборачнай працавалі сем механізатараў. Лепшым з іх, як і ў папярэднія гады, стаў Сяргей Мелдерес, які на камбайне New Holland CR 9.80 намалаціў звыш 2 тыс. т. Амаль усе яго калегі пераадолелі планку ў 1 тыс. т. Завяршыўшы жніво на сваіх палях, газавікі дапамаглі з уборкай суседнім гаспадаркам.
Павіншаваць аграрыяў з паспяхова выкананай працай прыехалі прадстаўнікі абласной і раённай улады, кіраўніцтва газавай гаспадаркі Віцебшчыны.
— Вы адна з тых гаспадарак на Віцебшчыне, якой пад сілу паказваць выдатныя вынікі, нягледзячы на капрызы надвор'я. Іншыя павінны раўняцца на вас — рабіць стаўку на перадавыя дасягненні навукі і тэхнікі, дысцыпліну, матываваць вяскоўцаў годнай зарплатай, — падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў.
Найбольш адметным работнікам, занятым на ўборцы ўраджаю і дапрацоўцы збожжавых, зерневых бабовых і крыжакветных культур, ганаровыя госці ўручылі заслужаныя ўзнагароды.