Аграрыі Віцебшчыны рыхтуюцца да ўборкі збожжавых

Аграрыі Віцебшчыны паралельна з бягучымі сезоннымі палявымі працамі рыхтуюцца да самай адказнай летняй кампаніі — уборкі збожжавых. Сёлета неабходна ўбраць 353 тысячы 930 гектараў збожжавых і зернебабовых культур і 58 тысяч 231 гектар рапсу. Віды на ўраджай — аптымістычныя, абы надвор'е не падвяло. Летась вобласць за кошт павелічэння ўраджайнасці атрымала рэкордны вал збожжа за ўсю гісторыю рэгіёну — 1 мільён 440 тысяч тон.

Як расказалі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, падрыхтоўка да жніва вядзецца па ўсіх напрамках — рыхтуецца тэхніка, вырашаецца пытанне з забеспячэннем працоўнага звяна. Каб правесці кампанію ў аптымальныя тэрміны, у ёй плануюць задзейнічаць агулам 7225 механізатараў. У гаспадарках працуе 6256. Традыцыйна кадравы дэфіцыт будзе перакрыты за кошт актыўнай дапамогі прамысловых прадпрыемстваў (670 чалавек) і іншых арганізацый абласнога і раённых цэнтраў.

З мэтай правядзення ўборкі ўраджаю ў аптымальныя тэрміны, дасягнення высокай прадукцыйнасці працы і якасці палявых работ будзе актывізавана дзейнасць і прафсаюзных камітэтаў работнікаў аграпрамысловага комплексу. Згодна з пастановай прэзідыума абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК перадавікі жніва будуць узнагароджвацца падзячнымі пісьмамі, грашовымі прэміямі, каштоўнымі падарункамі і сувенірамі ў памеры да трох базавых велічынь.

Андрэй ЗАХАРАЎ, «Віцьбічы».