Аграрыі Віцебшчыны нарыхтоўваюць рапс і ільнотрасту, а таксама прыступілі да сяўбы азімых
На асаблівым кантролі выканаўчай улады вобласці — якаснае выкананне аграрыямі Віцебшчыны сяўбы азімых збожжавых культур, якая згодна з тэхналагічным рэгламентам павінна быць завершана да 25 верасня. Ад выканання тэрмінаў шмат у чым залежыць вага будучага ўраджаю.
Збожжавы азімы клін складае сёлета 213 тысяч гектараў. Згодна з аператыўнай інфармацыяй абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аб стане спраў на 9 жніўня пад пасеў культур падрыхтавана 95,3 тысячы гектараў плошчаў (44,8 працэнта да плана). Засеяна 31,2 тысячы гектараў (14,6 працэнта). Каб закончыць работы ў аптымальны тэрмін, з гаспадаркамі і раёнамі вобласці шчыльна супрацоўнічаюць тэхналагічныя групы спецыялістаў аблсельгасхарчпрада.
Не менш важная задача ў вераснёўскім цыкле сельскагаспадарчых клопатаў — нарыхтоўка рапсу. Культура сабрана з плошчы 45,2 тысячы гектараў (68,9 працэнта да плана). Агульны намалот склаў 68,1 тысячы тон. Ураджайнасць — на ўзроўні мінулага года: 15,1 цэнтнера з гектара.
На ільновалокнавых палях у напружаным рытме ідзе праца па нарыхтоўцы льнотрасты, ураджайнасць якой сёлета ніжэй у параўнанні з папярэднім. Сярэднеабласны паказчык — 26,8 цэнтнера з гектара (у 2014 годзе атрымлівалі 31 цэнтнер). Трохі саступае і якасць льнотрасты. Сярэдні нумар нарыхтаванай льнотрасты — 1,03 (1,06 — у 2014 годзе). На 9 жніўня ў гаспадарках вобласці паднялі льнотрасту на плошчы ў 1,68 тысячы гектараў выцерабленага лёну (15,07 працэнта). Сабрана 2303 тоны насення з сярэдняй ураджайнасцю 4 цэнтнеры з гектара.
Андрэй ЗАХАРУ, «Віцьбічы».