Аграрыі Віцебскай вобласці перайшлі на двухзменны рэжым працы на сяўбе збожжавых
18 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Двухзменны рэжым працы арганізаваны на вясновых палявых работах у Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Іван Фёдараў.
Усе гаспадаркі вобласці прыступілі да сяўбы ранніх яравых збожжавых. Паводле даных на раніцу 18 красавіка, у вобласці пасеяна 30,5 тыс.га збожжавых, што складае 12% яравога кліну. Летась на гэту дату было пасеяна 20% плошчаў. Прычынай адставання стала позняя вясна, аднак для таго, каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, усе гаспадаркі вобласці арганізавалі двухзменны рэжым працы на сяўбе і падрыхтоўцы глебы.
Як адзначыў Іван Фёдараў, энергонасычаная тэхніка, якой у поўнай меры забяспечаны сельгаспрадпрыемствы, дазваляе сеяць практычна ў рэжыме нон-стоп: працоўны дзень у полі доўжыцца з 6 да 21 гадзіны. Штодня тэмпы работ узрастаюць на 4-5 тыс.га. Перад аграрыямі стаіць задача штодня павялічваць плошчы на 20 тыс.га з тым, каб завяршыць сяўбу збожжавых, рапсу, лёну да 28 красавіка.
Гаспадаркі вобласці цалкам забяспечаны ўгнаеннямі і насеннем, палівам. На палях працуе больш за 1 тыс. пасяўных агрэгатаў.
У Віцебскай вобласці яравыя збожжавыя і зернебабовыя плануецца пасеяць на плошчы каля 257 тыс.га, пад лен адведзена 20 тыс.га, яравы рапс будзе пасеяны на 13,1 тыс.га, кукуруза зойме 100 тыс.га. Акрамя таго, пад ураджай 2011 года азімыя збожжавыя культуры пасеяны на плошчы звыш 240 тыс.га, пры гэтым азімыя пшаніца і трыцікале займаюць амаль 70% азімага кліну. Азімы рапс - амаль 87 тыс.га, яго пасевы пашыраны больш чым на 15% у параўнанні з 2010 годам.-0-