Аграрыі Віцебскай вобласці значна апярэджваюць леташнія тэмпы сяўбы ранніх яравых і збожжавых бабовых культур
Снежнае і дажджлівае надвор'е канца мінулага тыдня прытармазіла ход сяўбы. Тым не менш аграрыі Віцебшчыны значна апярэджваюць леташнія тэмпы.
Паводле інфармацыі аблсельгаспрода, пад раннія збожжавыя і зернебабовыя культуры занята 76,4 тыс. га, або 59,7 % ад плана (на 22 красавіка 2023 года было пасеяна 49,3 тыс. га). На дзень-паўтары работы засталося ў Аршанскім (96,1 %), Чашніцкім (95,3 %), Талачынскім (93,6%) раёнах. У цэлым адзінаццаць рэгіёнаў перасягнулі 60 % сяўбы гэтых культур.
Таксама на Віцебшчыне пасеяна 7,1 тыс. га яравога рапсу (33,3 %) і 4,8 тыс. га лёну (43,7 %).
Разгортваецца сеўка кукурузы. Пад гаспадыню палёў адведзена больш за 120 тыс. га. Пакуль на сілас і зялёны корм пасеяна 789 га (0,7 % ад задання), на збожжа – амаль 2 тыс. га (26,4 %).
Талачынскім кансервавым заводам пасаджана 262 га бульбы з тысячы запланаваных.