Аграпрамысловае прадпрыемства па выпуску дацкай беконнай свініны з'явіцца ў Талачынскім раёне

Каля 20 млн еўра плануе накіраваць замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «БелДан» у 2016 – 2017 гадах на стварэнне аграпрамысловага прадпрыемства па выпуску дацкай беконнай свініны ў Талачынскім раёне. Па праекце, да рэалізацыі якога прыступілі ў 2015-м, інвестар рыхтуецца ўжо ў кастрычніку запусціць першыя два будынкі, прызначаныя для ўтрымання пагалоўя, і пачаць вытворчую дзейнасць.

Аснову прадпрыемства складзе буйны жывёлагадоўчы комплекс гадавой магутнасцю 6 тыс. т мяса ў жывым вазе. Тут жа прадугледжваецца займацца раслінаводствам на выдзеленым участку зямлі плошчай 3 тыс. га, вытворчасцю кармоў і шэрагам іншых спадарожных відаў дзейнасці. Як паведаміў «Віцебскім весткам» кіраўнік прадпрыемства Ёнас Енсэн, пасля запуску ў кастрычніку спатрэбіцца яшчэ каля 9-10 месяцаў для завяршэння будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю ў поўным аб'ёме высокатэхналагічнага аб'екта.

– Калі мы гаворым пра інавацыйнасць праекта, то маем на ўвазе прымяненне сучасных высокаэфектыўных тэхналагічных рашэнняў пры будаўніцтве, у інжынерных камунікацыях, стварэнні асяроддзя пражывання для жывёл, што ў выніку дае магчымасць атрымліваць беконнае мяса першай катэгорыі, – растлумачыў Ёнас Енсэн. Нямалаважным з'яўляецца тое, што нароўні з амаль двума дзясяткамі еўрапейскіх кампаній у пастаўках абсталявання і матэрыялаў на будоўлю прымае ўдзел і група айчынных вытворцаў тавараў і паслуг, пры гэтым у коштным стаўленні беларуская доля перавышае 60% па праекце.

Тут плануецца выкарыстоўваць генетычны матэрыял дацкай племянной праграмы «DanAvl». Гаворка ідзе пра трохпароднае скрыжаванне (йоркшыр-ландрас-дзюро́к), калі чыстапародныя племянныя жывёлы вырабляюць гібрыды Ф1, а тыя ў сваю чаргу – пагалоўе для камерцыйнага развядзення на мяса. На жывёлагадоўчым комплексе ўсе працэсы прадугледжваецца цалкам аўтаматызаваць. Непасрэдна для яго абслугоўвання спатрэбіцца прыцягнуць крыху больш за 20 спецыялістаў – гэта будуць высокатэхналагічныя рабочыя

места. Геаграфія паставак канчатковага прадукту (посная беконная свініна) уключае ў асноўным краіны Мытнага саюза і далёкае замежжа, пры наяўнасці попыту мяса будзе рэалізоўвацца таксама і на ўнутраным рынку.

Асаблівую ўвагу пры рэалізацыі праекта надаецца прыродаахоўным пытанням. Па словах кіраўніка, праект па экалагічнай бяспецы адпавядае беларускім і міжнародным нормам, што пацвярджаюць атрыманыя заключэнні, у тым ліку экспертаў Еўрасаюза. Паказальным у гэтым плане з'яўляецца прыцягненне замежнага фінансавання. Летам бягучага года «БелДан» падпісаў дагавор з Паўночнай экалагічнай фінансавай карпарацыяй (NEFCO) аб адкрыцці крэдытнай лініі пад інвестпраект. Па афіцыйнай інфармацыі, гэтая міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная ў 1990 годзе пяццю краінамі Паўночнай Еўропы, прадастаўляе крэдыты і інвестыцыйны капітал з мэтай паляпшэння стану навакольнага асяроддзя паўночнага рэгіёну, фінансуе экалагічныя праекты розных напрамкаў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У сваёй дзейнасці карпарацыя аддае прыярытэт эканамічна выгадным праектам, якія забяспечваюць рэгіянальны прыродаахоўны эфект. Па словах Ёнаса Йенсена, NEFCO па ўласнай ініцыятыве прапануе фінансаванне таму бізнесу, які адпавядае крытэрам арганізацыі. У выпадку з талочынскім праектам такое супрацоўніцтва азначае, што вытворчасць на ствараемым прадпрыемстве бяспечна з пункту гледжання ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Акрамя таго, гэта адкрывае прадукцыі кампаніі доступ практычна на ўсе рынкі свету, дадаў кіраўнік «БелДана».

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».