Аграсядзіба «Полсвіж» Лепельскага раёна стала лепшай на рэспубліканскім конкурсе за захаванне традыцый
Вынікі конкурсу былі падведзены на міжнароднай канферэнцыі па аграэкатурызме, арганізатарам якой выступіў Белаграпрамбанк. Кульмінацыяй гэтай найбуйнейшай дзелавой падзеі Беларусі, прысвечанай развіццю дадзенай галіны і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў рэгіёнах і сельскай мясцовасці, стала ўшанаванне пераможцаў. Сярод іх і лепяльчанін Васіль Шкіндзер.
Гаспадар аграсядзібы па адукацыі настаўнік фізікі і матэматыкі. Працаваў у вясковых школах, а затым заняўся прадпрымальніцтвам, пабудаваў дом для прыёму гасцей. Прыцягвае турыстаў не толькі адпачынкам у маляўнічых мясцінах, але і далучэннем да народнай беларускай культуры.
Васіль Шкіндзер стварыў музей гісторыі і сельскага побыту, займаецца турызмам, краязнаўствам, зборам фальклору, арганізуе фестывалі, праводзіць старажытныя абрады: «Жаніцьба Цярэшкі», Купалле, «Гуканне вясны».
А вечарамі цешыць гасцей ігрой на дудцы, якую аднавіў па адзіным на Лепельшчыне экзэмпляры народнага музычнага інструмента, што захоўваецца ў краязнаўчым музеі, а таксама частуе гарбатай са стагадовага самавара.