Акрэдытацыя ўдзельнікаў «Славянскага базару» пачалася сёння ў Віцебску
5 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Служба акрэдытацыі ўдзельнікаў XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" прыступіла сёння да працы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Дырэкцыі міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Першымі яе наведалі спецыялісты тэхнічнай службы, якія займаюцца сцэнаграфіяй і светла-, гуказапісным абсталяваннем у Летнім амфітэатры, работнікі іншых аддзелаў Дырэкцыі форуму, а таксама артысты, якія прадстаўляюць творчыя калектывы абласнога цэнтра. З ліку артыстаў у бліжэйшыя дні тут чакаюць юных удзельнікаў Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2010", жараб'ёўка якіх адбудзецца ўвечары 7 ліпеня, і творчы калектыў Юрыя Антонава. Выступленне народнага артыста Расіі адкрывае ўвечары гэтага ж дня чараду яркіх канцэртаў у Летнім амфітэатры.
Асноўны наплыў удзельнікаў форуму прыпадзе на 8 ліпеня - дзень напярэдадні ўрачыстага адкрыцця фестывалю, упэўнены ў дырэкцыі. Усяго ж сёлета на "Славянскім базары" будзе акрэдытавана каля 5 тыс. чалавек з 34 краін - артысты і выканаўцы, прадстаўнікі груп тэхнічнай падтрымкі, журналісты.
XIX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 9 па 15 ліпеня.-0-