А.Косінец лічыць неабходным шырэй укараняць дыферэнцыраваныя тарыфы на ЖКУ па аб'ёмах спажывання

25 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец лічыць неабходным шырэй уводзіць дыферэнцыраваныя тарыфы на камунальныя паслугі ў залежнасці ад аб'ёмаў спажывання. Свой пункт гледжання ён выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА. Цяпер у вобласці насельніцтва пакрывае ўсяго 13,5% затрат на камунальныя паслугі, у той час як пры фарміраванні бюджэту на 2012 год гэты паказчык быў запланаваны на ўзроўні 35%. Розніца цяпер пакрываецца за кошт прафіцыту бюджэту. Аднак гэтыя сродкі маглі б быць накіраваны не на кампенсацыю расходаў, а на развіццё жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Так, толькі на капітальны рамонт жылля вобласці патрабуецца штогод Br500 млрд, яшчэ Br300 млрд неабходна на рэалізацыю праграмы "Чыстая вада". Для адсялення людзей са старога жылля і прадастаўлення ім добраўпарадкаванага жылля неабходна пабудаваць 1845 кватэр. Для таго каб ажыццявіць гэтыя планы, закліканыя якасна палепшыць жыццё людзей, неабходна не толькі павялічваць даходнасць бюджэту, але і ўдасканальваць сістэму аплаты насельніцтвам паслуг ЖКГ, перакананы старшыня аблвыканкама. "Разам з тым дыферэнцыяцыя аплаты паслуг ЖКГ па даходах насельніцтва патрабуе сур'ёзных разлікаў, а вось устанаўленне дыферэнцыраваных тарыфаў у залежнасці ад аб'ёмаў спажывання дазволіць кожнаму плаціць у залежнасці ад патрэбы, а таксама будзе стымуляваць да рацыянальнага выкарыстання рэсурсаў", - лічыць Аляксандр Косінец.-0-