А.Косінец: высокі ўзровень сярэдняй зарплаты - галоўны паказчык эканамічнага развіцця рэгіёна

17 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Павышаныя абавязацельствы Віцебскай вобласці па развіцці эканомікі і сацыяльнай сферы з'яўляюцца ўзважаным рашэннем. Аб гэтым заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння на прэс-канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. У рэспубліцы пастаўлена мэта - дасягнуць да канца 2010 года ўзроўню сярэдняй заработнай платы, эквівалентнай $500. "Гэта галоўны паказчык эканамічнага развіцця рэгіёна", - падкрэсліў губернатар. Такі ўзровень сярэдняй зарплаты павінен быць падмацаваны адпаведнымі эканамічнымі разлікамі. Гэту задачу і вырашае вобласць, прыняўшы больш высокія паказчыкі на 2010 год. У прыватнасці, прадугледжваецца павелічэнне вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах не менш чым на 25% у параўнанні з 2009 годам, тавараў народнага спажывання - на 30%, прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях - на 30%, рознічнага тавараабароту - на 30%, платных паслуг - на 80%, інвестыцый у асноўны капітал (за выключэннем арганізацый, падпарадкаваных рэспубліканскім органам дзяржкіравання) - на 30%, экспарту тавараў і паслуг - на 50%. Станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі павінна скласці $150 млн., паслугамі - $100 млн. У эксплуатацыю павінна быць уведзена 850 тыс. кв.м. жылля. Акрамя таго, вызначаны павышаныя параметры па вытворчасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі, структуры пасяўных плошчаў, нарыхтоўцы травяных кармоў, колькасці занятага насельніцтва, паказчыку па энергазберажэнні. Складанасць пастаўленых задач патрабуе ад кіраўнікоў нестандартных падыходаў і рашэнняў, падкрэсліў кіраўнік абласной адміністрацыі. Тым, хто прывык працаваць па шаблонах і ўказанням звыш, давядзецца асвойваць новыя метады, а галоўнае - прымаць самастойныя рашэнні. "Рэсурсы для рэалізацыі планаў ёсць, неабходны сучасныя арганізацыйныя падыходы", - лічыць Аляксандр Косінец.-0-