Акрабаты з пяці краін возьмуць удзел у турніры "Кубак касманаўтыкі" у Віцебску
8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Спартсмены з 5 краін прымуць удзел у V адкрытым рэспубліканскім турніры "Кубак касманаўтыкі" па спартыўнай акрабатыцы і скачках на акрабатычнай дарожцы, які стартуе ў Віцебску 10 красавіка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Ерашэвіч.
На працягу трох дзён больш за 100 акрабатаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы і Малдовы разыграюць 9 камплектаў узнагарод у індывідуальных і камандных практыкаваннях. Па традыцыі турнір збярэ наймацнейшых спартсменаў краін - удзельніц, якія разглядаюць віцебскі "Кубак касманаўтыкі" як падрыхтоўчы этап да розных міжнародных спаборніцтваў па гэтых відах акрабатыкі. На гэты раз у Віцебск прыедуць пераможцы і прызёры сусветнага і еўрапейскага чэмпіянатаў у складзе расійскай дэлегацыі.
Для беларускіх атлетаў віцебскі турнір стане апошнім стартам перад чарговым этапам Кубка свету па скачках на акрабатычнай дарожцы, які пройдзе ў канцы красавіка ў Сафіі (Балгарыя), а таксама Сусветнымі гульнямі ў маі гэтага года. Акрамя таго, "Кубак касманаўтыкі" стане выдатнай магчымасцю правесці агляд маладых спартсменаў напярэдадні еўрапейскага першынства па скачках на акрабатычнай дарожцы 2010 года, адзначыў Аляксандр Ерашэвіч. Так што віцебскім прыхільнікам акрабатыкі не давядзецца сумаваць на трыбунах.
Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў "Кубка касманаўтыкі" адбудзецца 12 красавіка - у дзень закрыцця спаборніцтваў.-0-