Актывісты БРСМ добраўпарадкавалі сквер Моладзі ў мікрараёне «Медцэнтр» Віцебска
– Яго заклалі ў 2018 годзе ў гонар 100-годдзя ВЛКСМ. Тады была высаджана алея дрэў, за якімі пастаянна даглядаем ужо некалькі гадоў, – сказаў першы сакратар абласной арганізацыі ГА «БРСМ» Уладзімір Бабічаў.
Падчас працоўнага дэсанту юнакі і дзяўчаты перакапалі клумбу, ачысцілі яе ад мінулагодняй травы і камянёў.
– Тут будуць высаджаны кветкі, якія, спадзяёмся, будуць радаваць кожнага, – расказала першы сакратар гарадскога камітэта ГА «БРСМ» Таццяна Красакова.
Таксама хлопцы прыбралі смецце, адрамантавалі лаўкі.
– Калі ўмовы надвор'я дазволяць, пафарбуем іх і ліхтарныя слупы, – дадала Таццяна.
Сквер ужо стаў месцам прыцягнення мясцовых жыхароў, куды прыходзяць гуляць бацькі разам з дзецьмі. З задавальненнем сюды накіроўваюцца і пажылыя людзі. Бо так прыемна пасядзець на лавачцы і атрымаць асалоду ад вясновага сонца.