Актывісты БРСМ Віцебскай вобласці да 90-годдзя камсамола добраўпарадкавалі воінскія пахаванні
17 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Актывісты БРСМ Віцебскай вобласці да 90-годдзя камсамола добраўпарадкаваюць воінскія пахаванні, помнікі і мемарыяльныя комплексы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Людміла Капранава.
Аб'екты, на якіх працуе моладзь, вызначаны ў кожным раёне рэгіёна. Завяршэнне добраўпарадкавання месцаў воінскай славы будзе азнаменавана правядзеннем тут урачыстых мітынгаў і ўскладаннем вянкоў і кветак у гонар камсамольцаў, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
У межах святкавання 90-годдзя камсамола Беларусі тэрытарыяльныя камітэты БРСМ Віцебскай вобласці запланавалі іншыя буйныя мерапрыемствы. Так, ва ўсіх рэгіёнах вобласці сумесна з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі плануецца правесці сустрэчы і круглыя сталы з запрашэннем ветэранаў камсамольскага руху. Будуць арганізаваны тэматычныя выстаўкі ва ўстановах адукацыі, маладзёжны суботник "90-годдзе - ЛКСМБ". Паўсюдна пройдуць урачыстыя прыёмы ў рады арганізацыі. На святочных мерапрыемствах ветэранам камсамольскага руху ўручаць граматы і памятныя падарункі.
Абласны урачысты вечар, прысвечаны 90-годдзю камсамола Беларусі, адбудзецца 24 верасня ў Віцебскай абласной філармоніі. У гэты ж дзень удзельнікі ўрачыстасці наведаюць музей Обальскага камсамольскага падполля, закладуць алею на тэрыторыі Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З.М.Партновай. 25 верасня дэлегацыя Віцебскай вобласці прыме ўдзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах з нагоды свята ў Мінску.-0-