Актывісты БРСМ Віцебскай вобласці сёння дружна выйдуць у людзі

17 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Актывісты БРСМ Віцебскай вобласці сёння дружна выйдуць у людзі. Мас-старт акцыі "Раскрый сябе для жыцця!" будзе дадзены роўна ў 17.00 ва ўсіх рэгіёнах вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі першага сакратара Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Людміла Капранава. Кожны раён вобласці арганізуе сваё мерапрыемства. Так, на вуліцах у Глыбокім актывісты арганізацыі правядуць акцыю "Я люблю...". Кожнаму мінаку будзе дадзена магчымасць працягнуць гэту фразу. Аналагічнае мерапрыемства адбудзецца ў Шаркаўшчыне, дзе акрамя прызнанняў у любові выпадковыя ўдзельнікі акцыі змогуць напісаць на паветраных шарах свае самыя запаветныя жаданні і запусціць іх у неба. У Наваполацку валанцёры БРСМ будуць "дзяжурыць" у буйных крамах горада і раздаваць улёткі ўсім маладым людзям, якія купляюць алкагольную і тытунёвую прадукцыю, а ў Полацку раздаваць на праспекце Скарыны буклеты з інфармацыяй аб магчымых варыянтах пазітыўнага і карыснага вольнага часу. Гэта дапаможа адказаць маладым людзям на пытанне "Што робім сёння ўвечары?" Тут жа адбудзецца акцыя "Твой выбар", прысвечаная здароваму ладу жыцця. Аналагічныя мерапрыемствы будуць арганізаваны і ў іншых гарадах і раённых цэнтрах вобласці. Маладзёжная кампанія пройдзе пад дэвізам "Я ў крузе людзей. Людзі вакол мяне". Яна заклікана падкрэсліць індывідуальнасць кожнага чалавека, даказаць, што яго меркаванне важна і павінна быць пачута. Аднак пры гэтым чалавек павінен умець слухаць, а галоўнае чуць, людзей вакол сябе. Арганізатары спадзяюцца, што мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках акцыі "Раскрый сябе для жыцця!", дадуць магчымасць маладым людзям рэалізаваць свае думкі і ідэі, дапамогуць выхаваць у моладзі актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю, змагацца з курэннем, ужываннем алкаголю і наркотыкаў. Людміла Капранава адзначыла, што своеасаблівым працягам гэтай акцыі стане інтэрнэт-конкурс на лепшы антыалкагольны і антытытунёвы слоган, буклет, стыкер аб здаровым ладзе жыцця. Усім жадаючым прыняць у ім удзел прапануецца дасылаць свае ідэі на электронны адрас Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Вынікі конкурсу будуць падведзены 31 сакавіка. Пераможцаў чакаюць каштоўныя прызы і падарункі.-0-