Активная фаза рэгіянальных аператыўна-тактычных вучэнняў ратавальнікаў Беларусі, Латвіі і Літвы пачалася сёння ў Віцебскай вобласці
9:23:54
24/6 РКА, РА, НЕТ, САВІ / 16
24 чэрвеня, Мёрскі раён / Дзіяна Курыла - БЕЛТА /. Актыўная фаза рэгіянальных аператыўна-тактычных вучэнняў ратавальнікаў Беларусі, Латвіі і Літвы пачалася сёння ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Згодна з тактычным задумам, з-за несанкцыянаванай урэзкі адбылася разгерметызацыя прадуктаправода з уцечкай і трапленнем нафтапрадукту ў раку Аўта з пагрозай наступнага траплення ў раку Дзясна і далей у раку Заходняя Дзвіна. Адбылося ўзгаранне дызпаліва, што разлілося на паверхні глебы на плошчы больш за 1 тыс. кв. м.
Навучальная сітуацыя ўскладняецца неспрыяльнымі ўмовамі надвор'я. У раёне вучэнняў пачынаецца дождж і прыкметна падняўся ўзровень вады ў рацэ Аўта.
Як паведамілі ў прэс-службе Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, асноўнай мэтай праводзімых вучэнняў з'яўляецца адпрацоўка ўзаемадзеяння падраздзяленняў МНС Беларусі, сіл і сродкаў дзяржаўнай пажарна-выратавальнай службы Латвійскай Рэспублікі, дэпартамента пажарнай бяспекі і выратавання пры МУС Літоўскай Рэспублікі, аператыўных службаў і фарміраванняў нафтапрадуктаправодаў "Дружба" пры ліквідацыі аварыі на нафтаправодзе "Сургут-Полацк" і недапушчэння траплення нафты ў раку Даўгава на тэрыторыі Латвійскай Рэспублікі.
Вучэнні беларускіх, латвійскіх і літоўскіх ратавальнікаў, якія праводзяцца ў Віцебскай вобласці 23-24 чэрвеня, з'яўляюцца часткай міжнароднага праекта "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва", разлічанага на 2008-2009 гады. У вучэннях прымаюць удзел больш за 200 работнікаў аварыйна-выратавальных і аварыйна-аднаўленчых службаў, 80 адзінак тэхнікі, у тым ліку 4 верталёты і 2 самалёты падраздзяленняў МНС. Больш за 30 назіральнікаў, у тым ліку з Еўрасаюза, сочаць за ходам вучэнняў.
Праект "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва" часткова фінансуецца Еўрапейскай камісіяй у рамках праграмы добрасуседства і партнёрства. На яго ажыццяўленне выдзелены грант у памеры 1 млн. еўра. Практычна ўсе гэтыя сродкі пойдуць на аснашчэнне беларускіх выратавальных падраздзяленняў. Таксама запланавана выданне брашур і выраб стэндаў па інфармаванні насельніцтва аб дзеяннях у выпадку хімічных аварый.
Трансгранічны рэгіён (паўночна-заходні рэгіён Рэспублікі Беларусь, Латвія, Літва) характарызуецца высокай канцэнтрацыяй хімічных аб'ектаў ("Палімір", "Нафтан", Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства па транспарце нафты "Дружба", ВА "Азот"), насычанай транспартнай сеткай і аддаленасцю ад буйных гарадоў. Такім чынам, існуе патэнцыйная пагроза ўзнікнення хімічных аварый у рэгіёне. У выпадку несвоечасовага або неадэкватнага рэагавання на такія аварыі магчыма распаўсюджванне іх наступстваў на шырокія тэрыторыі, у тым ліку на тэрыторыі суседніх дзяржаў.
Рэалізацыя праекта створыць эфектыўную платформу і неабходныя рэсурсы для прадуктыўнага супрацоўніцтва ў галіне ўмацавання рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі. -0-