Активны кампанент айчыннай вакцыны супраць COVID-19 будуць вырабляць у Віцебскай вобласці

Першы этап інвестпраекта па вытворчасці вакцыны ад COVID-19 рэалізуюць у 2022 годзе, паведаміў генеральны дырэктар РВУП "Белмедпрэпараты" Сяргей Беляеў.

"Белмедпрэпараты" сумесна з ААТ "БелВітуніфарм" стварылі сумесную структуру, асноўнай задачай якой будзе вытворчасць беларускай вакцыны супраць COVID-19.

"Гэты працэс двухстадыйны. На першай стадыі будзе вытворчасць актыўнага кампанента на "БелВітуніфарме" і гатовай вакцыны - на магутнасцях "Белмедпрэпаратаў". На другім этапе паралельна будзе весціся праектаванне і будаўніцтва прадпрыемства, менавіта вытворчага комплексу, які будзе па поўным цыкле вырабляць вакцыну ад ковіда", - распавёў Сяргей Беляеў.

"Першы этап мы запускаем ужо ў наступным годзе, - працягнуў ён. - Вакцына, якая будзе вырабляцца на першым этапе, пойдзе на даклінічныя і клінічныя даследаванні, каб даказаць яе бяспеку і ацаніць яе эфектыўнасць".

Генеральны дырэктар РВУП звярнуў увагу, што сама арганізацыя вытворчасці даволі эрганамічная ў плане затрат. "Першы этап запатрабуе наогул мінімум затрат, паколькі для прыгатавання гатовай вакцыны на прадпрыемстве "Белмедпрэпараты" ёсць усе ўмовы, усё абсталяванне, персанал і вопыт. Таму нашы затраты будуць мінімальныя", - сказаў Сяргей Беляеў. "БелВітуніфарм" таксама валодае дастатковай кампетэнцыяй і неабходнымі матэрыяльнымі сродкамі. "Так, патрэбны будуць некаторыя інвестыцыі, каб вырабіць гэту субстанцыю ва ўмовах GMP, таму там будуць затраты, але яны адносна нязначныя", - дадаў ён.

Як паведамлялася, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб рэалізацыі ў 2021-2023 гадах інвестыцыйнага праекта па арганізацыі вытворчасці айчыннай вакцыны супраць COVID-19 на плошчах ААТ "БелВітуніфарм". Дадзены інвестпраект прадугледжвае будаўніцтва ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласці завода па вытворчасці вакцын (з рэканструкцыяй існуючай вытворчасці). Вытворчая база ААТ "БелВітуніфарм" вызначана ўрадам як найбольш перспектыўная пляцоўка для доследна-прамысловай вытворчасці вакцыны, зыходзячы са ступені гатоўнасці інфраструктуры, наяўнасці падрыхтаваных спецыялістаў, а таксама магчымасці наступнага развіцця біятэхналагічнага кластара.

Распрацоўка айчыннай вакцыны вядзецца падведамаснымі Мінздараву і Нацыянальнай акадэміі навук арганізацыямі. У цяперашні час падрыхтавана серыя прататыпнага варыянту вакцыны.

Указам прадугледжваецца вызваленне тэхналагічнага абсталявання, сыравіны і матэрыялаў, якія ўвозяцца на тэрыторыю краіны для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, ад абкладання ўвазнымі мытнымі пошлінамі і падаткам на дададзеную вартасць.

"БЕЛТА"