Акцыі «Віцебскага ўнівермага» карыстаюцца попытам
У канцы кастрычніка на таргах каштоўнымі паперамі Беларускай валютна-фондавай біржы ў рамках адной здзелкі прададзена 25 тыс. акцый ААТ "Віцебскі ўнівермаг" на суму амаль 2,9 млрд. рублёў. Кошт пакупкі адной каштоўнай паперы склаў 115 тыс. руб., што перавышае намінальны кошт амаль у 767 разоў.
Па дадзеных справаздачы аб фінансавай дзейнасці "Віцебскага ўнівермага" за 2 квартал, агульная колькасць яго акцый складае амаль 445 тыс. штук, іх намінальны кошт 150 рублёў. Такім чынам, у ходзе здзелкі набыта больш за 5,6% акцый прадпрыемства.
Аналагічная па аб'ёме і суме набытых акцый здзелка з каштоўнымі паперамі "Віцебскага ўнівермага" здзейснена ў канцы жніўня. Як паведамляе прэс-служба ААТ "БВФБ", у выніку жнівеньскай здзелкі новы ўладальнік акумуляваў у сябе пакет акцый у 35,25% статутнага фонду гэтага найбуйнейшага гандлёвага прадпрыемства.