Акцыя «Беларусь – гэта мы!» падорыць віцяблянам дзве сустрэчы з класічнай музыкай
16 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два канцэрты класічнай музыкі пройдуць у Віцебскай абласной філармоніі ў рамках грамадска-культурнай акцыі "Беларусь - гэта мы!", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА рэдактар канцэртнага аддзела філармоніі Ірына Дзерюгіна.
Сёння на сцэну вялікай залы філармоніі выйдуць прадстаўнікі камерна-вакальнага жанру. Прыхільнікаў класічнай музыкі чакае сустрэча са струнным квінтэтам "Серанада" і салістамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Станіславам Трыфанавым, Васілём Мінгалевым і Таццянай Траццяк.
Струнны квінтэт "Серанада" быў утвораны ў снежні 2006 года. Першае выступленне калектыву адбылося на сцэне малой залы Беларускай дзяржаўнай філармоніі сумесна з салісткай опернага тэатра Таццянай Траццяк і мела вялікі рэзананс – квінтэт сталі запрашаць на розныя канцэртныя пляцоўкі. З таго часу "Серанада" выступае як з сольнымі канцэртнымі праграмамі, так і ў канцэртах з салістамі беларускай оперы. Асноўная ідэя музыкантаў - прылучыць слухачоў да разнастайнага свету музыкі, даць магчымасць кожнаму пачуць сваю любімую мелодыю - ад старадаўніх рамансаў да джазавых кампазіцый.
23 лістапада ў філармоніі адбудзецца канцэрт камернай музыкі Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь. Творчая біяграфія калектыву пачалася ў 1968 годзе, ля вытокаў яго стварэння стаяў кампазітар, арганіст і дырыжор Алег Янчанка. Сёння мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам аркестра з'яўляецца заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў. Калектыў паспяхова гастраляваў ва ўсіх краінах былога Савецкага Саюза. Выканаўчае мастацтва аркестра было высока ацэнена слухачамі Германіі, Францыі, Даніі, Швецыі, Іспаніі, Фінляндыі, Нарвегіі, Галандыі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Югаславіі, Англіі, з аркестрам выступалі многія вядомыя выканаўцы.
Старт грамадска-культурнай акцыі "Беларусь - гэта мы!" быў дадзены 14 лютага ў Гомелі канцэртам "Я люблю Беларусь!" з удзелам маладых выканаўцаў Ані Шаркуновай і Германа. Другі этап акцыі пад дэвізам "Скарбы беларускай зямлі" адкрыла ў верасні рэспубліканская выстава сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі ў Нацыянальным мастацкім музеі.
Завершыцца творчы марафон у лютым у Мінску. На самай вялікай пляцоўцы краіны ў "Мінск-Арэне" адбудзецца гала-канцэрт майстроў мастацтваў. Усяго пад знакам акцыі "Беларусь - гэта мы!" у рэспубліцы будзе рэалізавана каля 100 творчых праектаў.-0-