Акцыя «Неўміручыя салдаты Вялікай Перамогі» стартуе ў Віцебску
Акцыя "Неўміручыя салдаты Вялікай Перамогі" па прыцягненні ўвагі да подзвігу канкрэтных удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны стартуе сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама.
Да акцыі далучыліся студэнты, аспіранты, выкладчыкі і супрацоўнікі ВДУ імя П. Машэрава, а таксама абласная Дзяржаўтаінспекцыя. Яны перадалі арганізатарам персанальныя даныя (прозвішча, імя, імя па бацьку) і фатаграфію сваіх сваякоў - байцоў рэгулярнай арміі, партызанскіх атрадаў і злучэнняў або ўдзельнікаў падпольнага руху часоў ВАВ. Гэтыя матэрыялы патрэбны для вырабу паштовак фармату А4, якія друкуюцца ў двух экзэмплярах. Адзін будзе выкарыстаны ў далейшым для арганізацыі выставы, а другі выдаецца ўдзельніку акцыі для размяшчэння на бакавым або заднім шкле свайго асабістага аўтамабіля.
Сёння ў абласным упраўленні ДАІ адбудзецца ўручэнне і размяшчэнне каля 20 першых паштовак. З іх палова - на асабістых аўтамабілях прадстаўнікоў ВДУ, палова - на службовых аўто ДАІ. Прычым галоўным героем паштовак Дзяржаўтаінспекцыі стаў былы супрацоўнік Сцяпан Шышкін, які ваяваў у гады Вялікай Айчыннай і дайшоў да Берліна.
Мерапрыемства працягнецца па 30 мая, а фатаграфіі з данымі можна накіроўваць арганізатарам па 4 мая. Удзельнікі нясуць адказнасць за прадастаўленне дакладных даных. У спрэчных выпадках інфармацыя правяраецца на гістарычным факультэце ВНУ.
Арганізатары - першасныя прафсаюзныя арганізацыі супрацоўнікаў і студэнтаў ВДУ імя П. Машэрава, пярвічка БРСМ ВНУ, абласное ўпраўленне ДАІ.
Кацярына Князева