Акцыя «Дарогамі вызваліцеляў» стартуе ў Дубровенскім раёне

Акцыя "Дарогамі вызваліцеляў" стартуе сёння ў Дубровенскім раёне (Віцебская вобласць), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у райвыканкаме.

Старт акцыі, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Дубровенскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, будзе дадзены ў вёсцы Баеўка. Тут адбудзецца урачысты мітынг з удзелам мясцовых жыхароў, школьнікаў, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў.

Пры вызваленні вёскі Баеўка ў кастрычніку 1943 года загінулі больш за 1,8 тыс. савецкіх воінаў. "У гэтым годзе на воінскіх пахаваннях вёскі былі ўстаноўлены абноўленыя мемарыяльныя пліты з імёнамі 1 тыс. 543 воінаў Савецкай арміі, якія загінулі тут 70 гадоў таму (астатнія героі пакуль застаюцца безыменнымі). На увекавечанне памяці воінаў-вызваліцеляў было выдзелена каля Br18,5 млн. Пошукавай працы ў раёне надаецца вялікая ўвага - за два гады ўстаноўлены імёны 878 чалавек, прах якіх спачывае на Дубровенскай зямлі. Тут 9 месяцаў стаяў фронт, загінулі 43 тыс. савецкіх воінаў. Цяпер безыменнымі застаюцца каля 2 тыс. чалавек. Пошукавая праца будзе працягвацца да таго часу, пакуль не будуць устаноўлены імёны ўсіх герояў вайны", - падкрэслілі ў выканкаме.

Падчас акцыі ў школах раёна пройдуць урокі мужнасці; будуць арганізаваны паходы па мясцінах баявой славы; адбудзецца конкурс на лепшы аўтарскі маршрут, звязаны з падзеямі ВАВ. А да дня вызвалення раёна (26 чэрвеня) у рэгіёне плануецца стварыць Алею славы, дзе будуць увекавечаны імёны воінаў, якія ў баях за Дубровеншчыну атрымалі званне Героя Савецкага Саюза (10 чалавек), а таксама чатыры героі вайны ўраджэнцы раёна.

"На жаль, з кожным годам усё менш застаецца з намі ветэранаў вайны. На тэрыторыі Дубровенскага раёна іх зараз 48 чалавек. Партрэт аднаго з гэтых мужных людзей - ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Осипенко Міхаіла Аўрамавіча, створаны заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Мікалаем Апіёкам (ён таксама родам з Дубровеншчыны), будзе прадстаўлены на выставе, прысвечанай 10-годдзю студыі ваенных мастакоў. Адкрыццё выставы адбудзецца ў галерэі ім. А.А. Савіцкага ў лістападзе бягучага года. Плануецца, што партрэт таксама ўвойдзе ў экспазіцыю, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў", - распавялі ў райвыканкаме.

Дубровенскі раён быў вызвалены ад фашыстаў 26 чэрвеня 1944 года. У вызваленчай аперацыі ўдзельнічалі 331-я стралковая дывізія (генерал-маёр П.П. Берастаў) 71-га стралковага корпуса 31-й арміі; 307-я (палкоўнік А.В. Кажамякін), 308-я (палкоўнік Д.К. Чумачэнка) штурмавыя авіядывізіі 3-га штурмавога авіякорпуса; 7-я гвардзейская знішчальная авіядывізія (генерал-маёр В.М. Забалуеў) 2-га знішчальнага авіякорпуса 1-й паветранай арміі 3-га Беларускага фронту.

 Алена Ціханава