Акцыя «Адзіны дзень бяспекі» пачнецца ў Беларусі 20 лютага

Акцыя "Адзіны дзень бяспекі" пройдзе ў Беларусі з 20 лютага па 1 сакавіка, паведамілі ў МНС.

Міжведамасны савет па правядзенні мерапрыемства прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры кіравання і рэагавання на НС. Яго працу ўзначаліў намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў.

"У дні акцыі намаганні ўсіх дзяржорганаў будуць накіраваны на развіццё ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем", - праінфармавалі ў МНС. Дні бяспекі праводзяцца таксама ў пачатку навучальнага года - з 1 па 10 верасня.

Будзе правярацца сістэма апавяшчэння, у тым ліку ў эфіры радыёстанцый, з дапамогай SMS-паведамленняў, інтэрнэт-рэсурсаў. На прамысловых прадпрыемствах, небяспечных аб'ектах і ў будынках з масавым знаходжаннем людзей пройдуць трэніроўкі дзеянняў у выпадку пажару. Будуць правераны сілы грамадзянскай абароны, выкарыстанне сродкаў індывідуальнай, калектыўнай абароны, уменне аказваць дапамогу пацярпелым, арганізоўваць і кіраваць эвакуацыяй.

Правядуць і мерапрыемствы для павышэння ўзроўню бяспекі на дарогах, конкурсы па тэматыцы ў навучальных установах, будуць разгорнуты навучальныя пляцоўкі ад МНС. "Пройдуць тэматычныя сустрэчы з жыхарамі. Асаблівая ўвага будзе нададзена рабоце назіральных камісій. Будзе праведзены дэтальны аналіз прычын і ўмоў, якія спрыяюць гібелі людзей ад знешніх прычын, і ўдакладнены рашэнні па рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне", - распавялі ў МНС.

Займацца арганізацыяй акцыі будуць аблвыканкамы, Мінгарвыканкам, Мінздароўя, Мінэнерга, Мінадукацыі, Мінпрацы, Мінжылкамгас, Мінінфарм, Мінкультуры, МУС, МНС, актыўны ўдзел прымуць БРСМ, БТЧК, БДПА і АСВОД.

БЕЛТА.