Акцыя «Адзіны дзень бяспекі» праходзіць у Віцебскай вобласці

Навучальныя семінары і практыкумы, спектаклі і канцэрты, квэсты і віктарыны для дзяцей і моладзі. Усе гэтыя мерапрыемствы праходзяць у вобласці з 1 па 10 верасня ў рамках рэспубліканскай акцыі «Адзіны дзень бяспекі».

Акцыя праводзіцца два разы на год: з 1 па 10 верасня і з 20 лютага па 1 сакавіка. Усе ўстановы, прадпрыемствы, арганізацыі праводзяць адукацыйна-выхаваўчыя мерапрыемствы, накіраваныя на папярэджанне надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанне паводзінам ва ўмовах НС, аварый, аказанню першай медыцынскай дапамогі, усебаковае інфармаванне насельніцтва.

Упор робіцца на развіццё культуры бяспекі жыццядзейнасці, асабліва сярод дзяцей і моладзі. Нездарма мерапрыемствы Адзінага дня бяспекі стартавалі 1 верасня ва ўсіх райцэнтрах і гарадах вобласці.

У новай віцебскай СШ №47 свае інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі прадставілі МНС, аблГаз, Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства, ДАІ, Чырвоны Крыж. У іншых установах адукацыі таксама правядуць адкрытыя ўрокі, практычныя заняткі, адпрацуюць планы эвакуацыі.

Для падрастаючага пакалення работнікі культуры на адкрытых пляцоўках арганізуюць квэсты і віктарыны, прадставяць канцэртныя праграмы і тэатралізаваныя пастаноўкі, а тэатр «Лялька» 5 верасня пакажа спектакль «Мой надзейны сябра – 101».

Працоўныя калектывы таксама не застаюцца ўбаку. Да прыкладу, 2 верасня ў Лепелі прайшлі маштабныя тактыка-спецыяльныя вучэнні на хімічна небяспечным аб'екце, дзе былі задзейнічаны ўсе раённыя службы.

Такім чынам усе ведамствы нагадваюць аб бяспецы жыццядзейнасці. Галоўная задача акцыі – фарміраванне культуры бяспекі ў грамадстве, адпрацоўка практычных ведаў і навыкаў, навучанне насельніцтва.

"Віцебскія весці".