Акцыя «Культурная сталіца Беларусі» зробіць даступнымі найлепшыя дасягненні нацыянальнай культуры - П.Латушка
21 студзеня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Акцыя "Культурная сталіца Беларусі" заклікана зрабіць даступнымі найлепшыя дасягненні нацыянальнай культуры жыхарам усіх гарадоў і раёнаў Беларусі. Пра гэта заявіў міністр культуры Беларусі Павел Латушка сёння ў Полацку на цырымоніі падпісання плана мерапрыемстваў па правядзенні рэспубліканскай акцыі "Культурная сталіца 2010 года", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Мэта гэтай акцыі - паказаць, што кожны горад, кожны раён Беларусі можа стаць культурнай сталіцай", - падкрэсліў міністр.
Павел Латушка лічыць сімвалічным, што Полацк адкрыў спіс беларускіх гарадоў - культурных сталіц. "У гісторыі краіны Полацк часта быў першым - гэта сталіца найстаражытнейшага княства. З Полацка бяруць вытокі старажытнай беларускай дзяржаўнасці і культуры, адсюль родам знакамітыя беларусы, гэты горад авеяны воінскай славай", - сказаў ён.
На думку міністра, Полацк пакажа годны прыклад для іншых рэгіёнаў краіны, і на прыкладзе яго вопыту будзе працягнута акцыя. Палажэнне аб культурнай сталіцы Беларусі будзе распрацавана з улікам вопыту яе правядзення ў Полацку. Павел Латушка не выключыў магчымасці таго, што беларускія гарады могуць прыняць удзел і ў еўрапейскай акцыі "Культурная сталіца Еўропы".
У план мерапрыемстваў па правядзенні акцыі "Культурная сталіца Беларусі 2010" уключана каля 60 мерапрыемстваў. Аднак спіс гэты адкрыты, і культурная сталіца гатова рэалізаваць новыя цікавыя прапановы.-0-