Акцыя «Мы – разам» накіравана на кансалідацыю грамадства
Акцыя "Мы - разам" накіравана на кансалідацыю беларускага грамадства і яднанне нацыі. Пра гэта заявіў на адкрыцці акцыі ў Віцебску старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.
У Лядовым палацы спорту Віцебска пад лозунгам "Мы, беларусы, - мірныя людзі!" праходзіць гала-канцэрт агульнанацыянальнай грамадска-культурнай акцыі "Мы - разам!". "Асаблівая атмасфера свята, душэўнага ўздыму і патрыятычнага яднання ўсіх, хто знаходзіцца ў гэтай зале, - візітная картка і лепшая характарыстыка нашага мерапрыемства. Маштабны, жывы і прывабны праект атрымаў пуцёўку ў жыццё ў 2006 годзе. Яго дэвізам стаў актуальны для ўсіх беларусаў заклік "За моцную і квітнеючую Беларусь!". Акцыя стала яркай падзеяй рэспубліканскага маштабу, сабрала і аб'яднала ў патрыятычным парыве сотні тысяч людзей, якія адчуваюць гонар за краіну", - падкрэсліў кіраўнік вобласці. Магутны патрыятычны пасыл журналістаў Агульнанацыянальнага тэлебачання падтрымала Міністэрства культуры, да арганізацыі і правядзення акцыі падключыліся дзяржаўныя структуры і мясцовыя органы ўлады. Акцыя знайшла водгук у сэрцах моладзі. Мэта і сэнс мерапрыемства закладзены ў самой назве "Мы - разам!", адзначыў Мікалай Шарстнёў. "Мы разам у імкненні ўмацоўваць аўтарытэт Беларусі на міжнароднай арэне, развіваць яе эканамічны патэнцыял, уладкоўваць родную зямлю. Мы разам у жаданні жыць у міры, згодзе і сяброўстве з іншымі дзяржавамі. Мы хочам міру і спакою ў нашай краіне. Разам мы і надалей усімі сіламі і сродкамі будзем умацоўваць самастойнасць краіны, каб Беларусь была годным і надзейным домам для нас, нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў", - падкрэсліў губернатар.
Разам з зоркамі беларускай эстрады на сцэнічныя пляцоўкі выходзяць таленавітыя мастацкія калектывы і выканаўцы, якімі ганарацца ў рэгіёнах. Віцебская вобласць прымае эстафету пасля гучнага шэсця акцыі па такіх буйных гарадах, як Гродна, Гомель, Магілёў, Баранавічы, Маладзечна.
Алена Ціханава, БЕЛТА.