Акцыя "Нашы дзеці" дапамагае прыўнесці радасць у жыццё кожнага дзіцяці - Мікалай Шарснёў
Акцыя "Нашы дзеці" дапамагае дарослым успомніць сваё дзяцінства і прыўнесці радасць у жыццё кожнага дзіцяці. Такое меркаванне выказаў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, які ў Талачыне прыняў удзел ва ўрачыстым адкрыцці пасля капітальнага рамонту СШ №2.
"Усе мы родам з дзяцінства і памятаем, што такое навагоднія падарункі, як мы іх чакалі. Дзецям трэба стварыць настрой, важна не забыць ніводнага дзіцяці. Асабліва гэта тычыцца праблемных сем'яў, дзяцей, якія знаходзяцца ў інтэрнатах, выхоўваюцца без бацькоў. Да акцыі "Нашы дзеці" трэба максімальна прыцягваць спонсараў. Мы павінны адорыць дзяцей падарункамі настолькі, каб яны памяталі пра гэта да наступнага Новага года", - сказаў губернатар і падкрэсліў, што акцыя "Нашы дзеці" у рэгіёне пройдзе як заўсёды маштабна. "Распрацавана праграма, ёсць план мерапрыемстваў. Спадзяюся, што дзеткі будуць задаволены", - падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
Гаворачы аб адкрыцці школы, Мікалай Шарстнёў адзначыў, што кожны з прысутных на мерапрыемстве адчуў прыемныя пачуцці. "Школа атрымалася прыгожая, светлая, зручная. Бацькі задаволены, дзіцяці створаны найлепшыя ўмовы. І я таксама шчаслівы, таму што грошы вытрачаны не дарма, - сказаў кіраўнік вобласці. - Гэты будынак трэба напоўніць зместам. Тут павінна быць сучаснае абсталяванне, мы павінны ўкладваць грошы ў развіццё. У адукацыі неабходны лідары, на якіх будуць раўняцца ўсе астатнія. І гэтая школа павінна стаць прыкладам. Тым больш што ўсе перадумовы для гэтага ёсць - у бягучым годзе больш за 90% выпускнікоў паступілі ў ВНУ".
Рамонт у школе, якая была пабудавана 36 гадоў таму, быў пачаты летам 2016 года. На мадэрнізацыю накіравана каля Br1,8 млн. Сродкі выдзелены па праекце "Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь" у ходзе рэалізацыі пагаднення паміж Беларуссю і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця. Падрадная арганізацыя - Круглянская ПМК №266. У школе праведзена замена сістэмы ацяплення, унутранага вадаправода, каналізацыі, цеплапункта, вентыляцыі з устаноўкай новай прыточнай
сістэмы, электраправодкі. Выканана ўнутранае аздабленне памяшканняў, устаноўлена новая сантэхніка, дзверы, прыборы асвятлення. У школе навучаецца каля 760 дзяцей.XXI Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" праходзіць у Беларусі з 9 снежня па 8 студзеня. Штогод не толькі вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, але і банкі, грамадскія аб'яднанні, прадпрыемствы, арганізацыі і проста неабыякавыя грамадзяне наведваюць у калядныя і навагоднія святы выхаванцаў апекунскіх, прыёмных сем'яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з шматдзетных і няпоўных сем'яў. У многіх устаноў сфарміраваліся шэфскія сувязі, якія падтрымліваюцца круглы год. Таксама акцыя ўключае галоўную ёлку краіны з удзелам кіраўніка дзяржавы і мерапрыемствы ва ўсіх мясцовых выканкамах, балы і святы для дзяцей у школах-інтэрнатах, дзіцячых дамах, бальніцах, дзіцячых сацыяльных прытулках і іншых установах.
Алена Ціханава - БЕЛТА.