Акцыя «Не прапальвай сваё жыццё!» пройдзе на Віцебшчыне ў чатыры этапы
Першы этап рэспубліканскай акцыі ўжо стартаваў. У яго рамках, як паведаміла прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо, ратавальнікі размаўляюць з пасажырамі ў грамадскім транспарце, на вакзалах і прыпынках, нагадваючы, да чаго можа прывесці кінутая цыгарэта і наколькі небяспечныя курцы, якія злоўжываюць спіртным.
Другі этап акцыі правядуць 15 – 21 лістапада на прамысловых прадпрыемствах і ў арганізацыях, дамах культуры, пунктах грамадскага харчавання. А з 22 лістапада ўвага будзе звернута на вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы, установы аховы здароўя. Моладзі прапануюць паўдзельнічаць у тэматычных праграмах, віктарынах, конкурсах, пакажуць прафілактычныя і навучальныя відэафільмы. Акрамя таго, у холах бальніц і паліклінік грамадзяне змогуць абмяняць цыгарэты на цукеркі, атрымаць тэматычныя улёткі і памяткі.
Заключны этап пройдзе 29 – 30 лістапада ў буйных гандлёвых цэнтрах, на рынках і ў іншых месцах масавага знаходжання людзей. Насельніцтва чакаюць не толькі выступленні творчых калектываў, але і конкурсы, якія дазволяць праверыць веды правілаў бяспекі, прэзентацыя мабільнага прыкладання «Дапамога побач», навучанне аказанню першай медыцынскай дапамогі і выкарыстанню першасных сродкаў пажаратушэння.
Правесці акцыю работнікам МНС дапамогуць юныя ратавальнікі-пажарныя, прадстаўнікі Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, навучэнскай моладзі, Белдзяржстраху, устаноў культуры. Разам яны пастараюцца прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы гібелі людзей з-за неасцярожнасці пры курэнні. Дарэчы, за 10 месяцаў бягучага года з-за непатушаных цыгарэт у рэспубліцы адбыліся 835 пажараў, ахвярамі якіх сталі больш за 230 чалавек.
Лілія Іўчанка, "Віцебскія весці".