Акцыя па прапагандзе сямейных каштоўнасцей пройдзе ў Воршы

Акция по пропаганде семейных ценностей пройдет в Орше

Раённая акцыя па прапагандзе сямейных каштоўнасцей "Разам у абарону жыцця" пройдзе сёння ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў райвыканкаме.

Тэматычныя мерапрыемствы будуць праводзіцца ў райцэнтры на працягу ўсяго дня. Так, на базе гарадскога радзільнага дома ўрачыста адкрыецца кабінет планавання сям'і, адбудзецца рэгістрацыя нованароджаных. У Лядовым палацы пройдзе пасяджэнне брыфінг-клуба з навучэнскай моладдзю раёна. А на пляцоўцы каля храма Раства Прасвятой Багародзіцы адбудзецца тэматычны флэшмоб, а затым у сценах храма - урачысты малебен у абарону жыцця. Пазітыву і яркіх фарбаў жыцця акцыі дадасць фотавыстава работ Ірыны Шыдлоўскай, якая экспануецца ў музеі Караткевіча, і ўрачысты вечар "Разам у абарону жыцця" у Доме культуры чыгуначнікаў.

У цэлым жа прапагандысцкая кампанія ў абарону захавання жыцця ненароджаных дзяцей, арыентаваная на прыцягненне шырокай грамадскай увагі да пытанняў сям'і праводзіцца ў раёне з 1 па 31 снежня. "Гэта ўжо другая падобная акцыя, першая прайшла вясной і прынесла станоўчыя вынікі - 90 жанчын змянілі свае першапачатковыя рашэнні і адмовіліся ад абортаў. Вынік значны і таму ў будучыні плануем праводзіць такія кампаніі штоквартальна", - сказалі ў райвыканкаме.

Акцыя "Разам у абарону жыцця" праходзіць у рамках рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі, прынятай на 2011-2015 гады, а таксама Рэспубліканскай духоўна-асветніцкай царкоўна-дзяржаўнай праграмы "Сям'я - Адзінства - Айчына".

Мэтай акцыі з'яўляецца павелічэнне нараджальнасці, скарачэнне колькасці штучных абортаў, фарміраванне ў моладзі пазітыўнага стаўлення да сямейных каштоўнасцей.

Алена Ціханава