Акцыя па аднаўленні балота Ельня прайшла ў Віцебскай вобласці
7 мая, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) правяла акцыю па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на балоце Ельня (Віцебская вобласць). Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях АПБ Сяргей Зуёнак.
Работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму на балоце Ельня праводзяцца на працягу двух гадоў. За гэты час на меліярацыйных каналах, якія асушаюць балота, пабудавана больш за 30 плацін. У час праведзенай акцыі спецыялісты АПБ сумесна з супрацоўнікамі рэспубліканскага гідралагічнага заказніка "Ельня" і кампаніі "Кока-кола Беверыджыз Беларусь" выканалі сумесныя работы па рэканструкцыі тых плацін, якія мелі патрэбу ва ўмацаванні.
У наступным летнім сезоне праект працягнецца. "Прадстаўляецца пабудаваць новую плаціну на рацэ Ельнянка. Гэта дазволіць яшчэ больш падняць узровень вады на балоце, у будучыні аднавіць папуляцыі некаторых відаў водна-балотнай расліннасці і ў цэлым захаваць унікальны прыродны свет на гэтай тэрыторыі", - сказаў суразмоўца.
Ельня - адно з найбуйнейшых у Еўропе верхавых балот. Некалькі дзясяткаў гадоў таму гаспадарчая дзейнасць чалавека выклікала зніжэнне грунтавых вод і пераасушэнне значнай часткі балота. На асобных участках торф знаходзіўся ў абсалютна сухім стане, што павышала рызыку ўзнікнення пажараў. Аднаўленне гідралагічнага рэжыму Ельні дапаможа прадухіліць знішчэнне рэдкіх не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе экасістэм.
На тэрыторыі заказніка "Ельня" растуць 11 рэдкіх відаў раслін, у тым ліку карлікавая бяроза і марошка. Балотны комплекс Ельня з'яўляецца не толькі гідралагічным заказнікам, але і адной з ключавых арніталагічных тэрыторый Беларусі. Тут жыве 98 відаў птушак, 23 з якіх занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі. У заказніку можна сустрэць такіх рэдкіх птушак, як белая гагара, гусь-піскулька, белая курапатка, залацістая ржанка.-0-