Акцыя «Птушкі ля кармушкі» пройдзе ў Віцебскай вобласці 18-19 студзеня
Яе праводзіць грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ), каб прыцягнуць членаў клубаў «Крылаты дазор» і ўсіх неабыякавых да жывой прыроды людзей да падкормлівання птушак у халодны час. Акрамя гэтага будзе праведзены зімовы ўлік птушак. Для гэтага аматарам прыроды трэба паназіраць на працягу гадзіны-двух за ўсталяванай кармушкай і сфатаграфаваць птушак, якія прыляцелі да яе. Здымкі можна размясціць у сацсетках з хэштэгам #птушкілякармушкі і загрузіць іх у спецыяльны альбом у «ВКонтакте». Аўтараў самых цікавых фота чакаюць сувеніры ад АПБ.
Птушак карміць пажадана несалёнымі семечкамі сланечніку, насеннем збожжавых і трав, просам, аўсом, але не ежай са свайго стала.
Летась падчас такой акцыі звыш дзвюх тысяч удзельнікаў падкармілі амаль 10 тыс. птушак. Часцей за ўсё ў аб'ектыў траплялі сініцы, палявыя і хатнія вераб'і, сустракаліся таксама звычайныя ластаўкі, гракі, сізыя галубы, шэрыя вароны, зяблікі і снегіры.