Акцыя ў абарону жыцця і сямейных каштоўнасцей пройдзе ў Полацку

Акцыя ў абарону жыцця і сямейных каштоўнасцей пройдзе ў Полацку 1 чэрвеня, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара па асветніцкай рабоце каардынацыйнага цэнтра "ЗаНараджэнне" Полацкай епархіі Павел Сафронаў.

Акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня абароны дзяцей і носіць назву "Пастаў свечку". Зрабіць гэта можна будзе ў часовай царкоўнай палатцы, якую ўсталююць на праспекце Францыска Скарыны ля гарадскога фантана. Тут пройдзе малебен аб ненароджаных дзецях. Паставіць свечку і памаліцца ля іконы "Віфлеемскія немаўляты" змогуць усе жадаючыя. Валанцёры прапануюць мінакам павязаць зялёныя стужачкі як сімвал нараджэння новага жыцця. Такім спосабам у Полацку паспрабуюць прыцягнуць увагу да адной са злобадзённых праблем сучаснасці – тэмы абортаў.

"Жыхары горада змогуць бясплатна паставіць свечку ля іконы, якую ў цэнтр Полацка даставяць з Пакроўскага храма. Акрамя таго, у жадаючых будзе магчымасць пагутарыць са святаром, пакінуць запіску і пакаяцца ў здзяйсненні граху аборту.

Прадстаўнікі цэнтра "ЗаНараджэнне" прачытаюць невялікія лекцыі і прадэманструюць палачанам экспазіцыю "Ратуй узятых на смерць", якая таксама прысвечана тэме абортаў", - распавёў Павел Сафронаў.

Ён падкрэсліў, што акцыя "Пастаў свечку" пройдзе ў Полацку па благаславенні архіепіскапа Полацкага і Глыбокскага Феадосія. Раней падобныя мерапрыемствы праводзіліся ў Наваполацку 11 студзеня - у дзень памяці святых немаўлят пакутнікаў Віфлеемскіх. У Полацку мерапрыемства праводзіцца ўпершыню.

Варта адзначыць, што цэнтр "ЗаНараджэнне" арганізаваны сумеснымі намаганнямі свецкай улады Полацкага рэгіёна і Полацкай епархіі з мэтай папулярызацыі сямейных каштоўнасцей і пераадолення дэмаграфічнага крызісу. Спецыялісты цэнтра чытаюць курс лекцый аб шкодзе абортаў для старшакласнікаў і студэнтаў 1-2 курсаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Праводзяць акцыі, накіраваныя на папулярызацыю сямейных каштоўнасцей.

БЕЛТА