Актуальная інфармацыя па арганізацыі праверак прадпрыемстваў будзе прадстаўлена на семінары ў Віцебску
23 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Практычныя пытанні ажыццяўлення кантрольнай і нагляднай дзейнасці, арганізацыі праверак суб'ектаў гаспадарання будуць разгледжаны 24 лютага на абласным семінары ў Віцебску з удзелам прадстаўнікоў больш чым 60 прадпрыемстваў і арганізацый Віцебскай вобласці. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскім абласным саюзе наймальнікаў.
У Беларусі метады і формы правядзення кантролю прайшлі карэнныя змены з 1 студзеня 2010 года, калі ў сілу ўступіў указ №510 "Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Асноўная задача гэтага дакумента складалася ў скарачэнні і ўпарадкаванні праверак, стварэнні сістэмы гнуткага кантролю і ў выніку - забеспячэнні камфортных умоў вядзення эканамічнай дзейнасці.
Неабходнасць правядзення семінара выклікана часта ўзнікаючымі пытаннямі суб'ектаў гаспадарання па практычнай арганізацыі кантрольнай дзейнасці, растлумачылі арганізатары мерапрыемства. Праграма сфарміравана з улікам пажаданняў спецыялістаў прадпрыемстваў, перад якімі выступяць супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю Віцебскай вобласці, абласной пракуратуры і гаспадарчага суда.
Удзельнікі атрымаюць поўную інфармацыю аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці ў краіне з улікам патрабаванняў Дырэктывы №4, аб планаванні і аб арганізацыі праверак, у тым ліку аб асаблівасцях правядзення пазапланавых тэматычных і аператыўных праверак. Асобным блокам будуць разгледжаны паўнамоцтвы праваахоўных органаў пры правядзенні праверак, абскарджанне дзеянняў кантралюючых органаў, спосабы судовай абароны.
Семінар арганізуюць Віцебскі абласны саюз наймальнікаў і Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці.
Віцебскі абласны саюз наймальнікаў (ВАСН) - найбуйнейшае некамерцыйнае аб'яднанне наймальнікаў Прыдзвінскага краю, членамі якога з'яўляюцца больш чым 270 прадпрыемстваў і арганізацый. Аб'яднанне заснавана ў 1999 годзе, яго філіялы створаны ў 6 раёнах вобласці. Доля прадпрыемстваў - членаў ВАСН складае каля 80% агульнага аб'ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі ў вобласці.-0-