Актуальныя пытанні і адказы па Дэкрэце №3 аб дармаедстве
Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, накіраваны, з аднаго боку, супраць гультаёў, а з другога, на барацьбу з фіктыўным дармаедствам – шэрым сектарам эканомікі, дзе працуе нямала людзей, выклікаў вялікі грамадскі рэзананс.
Нягледзячы на тое, што ў дакуменце дакладна вызначаны катэгорыі грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў, ад чытачоў «ВВ» паступае шмат просьбаў праясніць канкрэтныя сітуацыі. Карэспандэнцыю, якая тычыцца Дэкрэта №3, мы адправілі ў ІМПЗ Рэспублікі Беларусь па Першамайскім раёне Віцебска, супрацоўнікі якой адказалі на пытанні.
– Калі чалавек працуе поўны каляндарны год на паў стаўкі, то ці распаўсюджваюцца на яго нормы Дэкрэта №3?
Валянціна Т., Віцебск.
– Не. У адпаведнасці з дэкрэтам грамадзянін прызнаецца ўдзельнікам фінансавання дзяржрасходаў у перыяд працы па працоўным дагаворы (кантракце) незалежна ад таго, працуе ён на ўмовах поўнага ці няпоўнага працоўнага часу (гэта значыць на паў стаўкі ці на поўную).
– Калі чалавек не працуе па стане здароўя (не інвалід і не пенсіянер), але пры гэтым афіцыйна па дагаворы найму здае кватэру і штомесяц выплачвае падаходны падатак з фізічных асоб у фіксаваных сумах. Ці трэба плаціць збор?
Іван Казлоў, Віцебск.
– Для грамадзян, якія выплацілі ў 2015 годзе падаходны падатак з фізічных асоб, адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання прадугледжана памяншэнне сумы збору, якая падлягае выплаце, на сумы выплачаных падаткаў. У выпадку выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб у фіксаваных сумах за 2015 год у памеры больш за 20 базавых велічынь выплата збору не патрабуецца.
– Ці прадугледжана нейкая магчымасць змяншэння сумы збору ў выпадку, калі грамадзянін самастойна паведаміць аб неўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў або ўдзеле ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні.
Святлана Рыгораўна, Віцебск.
– Дэкрэтам №3 прадугледжваецца, што чалавек, які паведаміў у перыяд з 1 жніўня 2015 года па 31 мая 2016 года падатковы орган па месцы рэгістрацыі, а пры яе адсутнасці – па месцы фактычнага пражывання аб сваім неўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў або удзеле ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні, атрымлівае змяншэнне на 10% сумы збору.
Алена Пятрова, "Віцебскія весці"