Актуальныя пытанні арэнднага жылля
У красавіку гэтага года ўступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16.12.2013 №563 «Аб некаторых пытаннях прававога рэгулявання жыллёвых адносін», нормы якога накіраваны на развіццё фонду жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду (арэнднага жылля). Каментарый па асноўных палажэннях дакумента нам даў міністр ЖКГ Беларусі Андрэй Шорац.
Хто першы на чарзе?
Першачарговае права на жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання на перыяд працоўных (службовых) адносін прадастаўлена не маючым жылля ва ўласнасці, валоданні і карыстанні ў населеным пункце па месцы працы (службы), суддзям, пракурорскім работнікам, дзяржаўным служачым, маладым рабочым (служачым), спецыялістам, якія атрымалі адукацыю за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, ваеннаслужачым, работнікам пры прызначэнні на пасаду ў выпадку іх пераезду пры ўмове, што ў дадзеным населеным пункце для заняцця вакансіі няма патрэбнага кандыдата, навукоўцам, прафесарска-выкладчыцкаму складу ўстаноў вышэйшай адукацыі, работнікам культуры. Гэтым катэгорыям якія маюць патрэбу выдзяляецца не больш за 30% ад агульнай колькасці незаселеных арэндных памяшканняў.
Далей размеркаванне ажыццяўляецца так: 10% — ваеннаслужачым, астатнія 60% — грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, зыходзячы з даты пастаноўкі на ўлік. Калі такіх няма, жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання прадастаўляюцца грамадзянам, якія не маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, па даце падачы адпаведнай заявы.
Калі пісаць заяву?
На жылыя памяшканні камерцыйнага выкарыстання чарга не фарміруецца. Таму заявы ад грамадзян, якія прэтэндуюць на атрыманне жылля, прымаюцца не раней, чым з дня апублікавання інфармацыі аб наяўнасці такога жылля, размешчанай на афіцыйных сайтах мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.
Колькі плаціць за арэнду?
Памер платы вылічваецца зыходзячы з памеру базавай стаўкі, устаноўленай Саветам Міністраў РБ (0,2 базавай велічыні), з прымяненнем каэфіцыентаў, якія вызначаюцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у залежнасці ад ступені добраўпарадкавання і месцазнаходжання жылых памяшканняў.
Пры гэтым памер платы за арэнду жылых памяшканняў, уключаных у склад камерцыйнага з ліку службовых, спецыяльных службовых і асобных відаў спецыяльных (да 1 красавіка 2014 года), а таксама жылля дзяржаўнага жыллёвага фонду, займаемага грамадзянамі па дагаворах найму (да 1 ліпеня 2016 года), устанаўліваецца з улікам паніжальных каэфіцыентаў: цяпер па рэспубліцы — 0,1, для Мінска — 0,2.
Які тэрмін пражывання?
Дагавор найму жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання заключаецца пры наяўнасці працоўных (службовых) адносін на іх перыяд, а ў выпадку прадастаўлення ў агульным парадку — на тэрмін да 5 гадоў.
За што могуць выселіць?
Падставамі для высялення з арэнднага жылля з'яўляюцца: заканчэнне тэрміну дзеяння дагавора найму (дагавор, заключаны на пяць гадоў, пасля заканчэння тэрміну яго дзеяння павінен быць прадоўжаны пры ўмове, што наймальнік належным чынам выконваў свае абавязкі), 2-месячная запазычанасць без уважлівых прычын па плацяжах за карыстанне жылым памяшканнем і (або) жыллёва-камунальныя паслугі, іншыя выпадкі, апісаныя ў заканадаўстве. Паколькі ў выпадку спынення працоўных (службовых) адносін прадугледжваецца безумоўнае вызваленне жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, грамадзяне, якія пражываюць у іх на перыяд працоўных (службовых) адносін, захоўваюць права стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Пры належным выкананні ўмоў дагавора наймальнік можа карыстацца камерцыйным жыллём практычна бестэрмінова, паколькі дагавор у гэтым выпадку падлягае падаўжэнню на новы тэрмін.
Таццяна Гарнова, "Віцебскія весці"