Альбом "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" удастоены Гран-пры конкурсу кніжнай выставы ў Астане

Альбом "Сусветная спадчына Францыска Скарыны" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" ўдастоены Гран-пры конкурсу II Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу Eurasian Book Fair 2017, паведаміў дырэктар выдавецтва Уладзімір Андрыевіч.

На II Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017, якая прайшла 15-18 чэрвеня ў Астане, адбыўся конкурс у шасці намінацыях, і галоўная ўзнагарода гэтага конкурсу прысуджана кнізе-альбому "Сусветная спадчына Францыска Скарыны". Кнігам беларускіх выдавецтваў былі прысуджаны дыпломы рознай ступені і ў іншых конкурсных намінацыях, распавёў Уладзімір Андрыевіч.

У намінацыі "Навука і інавацыі" дыплом I ступені прысуджаны кнізе "Брэнды Беларусі. Машыны", выпушчанай у Год навукі выдавецтвам "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі".

У намінацыях "Лепшае краязнаўчае выданне" і "Лепшая навучальная кніга" дыпломаў другой ступені ўдастоены кнігі выдавецтва "Пачатковая школа" - "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь" і "Музыка. Вучэбны дапаможнік для 3-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання". Кнізе гэтага выдавецтва "Беларускія народныя казкі" прысуджаны дыплом трэцяй ступені ў намінацыі "Кніга для дзяцей і юнацтва".

Энцыклапедычнае выданне "Вялікая энцыклапедыя маленькага прафесара" (выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі") таксама ўзнагароджана дыпломам выстаўкі. Спецыяльнага дыплома журы ўдастоена кніга-альбом "Мінск. Праспект Незалежнасці" (ААТ "Беловагрупп").

Як адзначыла кіраўнік праекта Eurasian Book Fair Раушан Турлынова, беларусы ў чарговы раз здзівілі прадстаўленымі на конкурс кнігамі. Бо і на папярэдняй I Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы кніга-альбом "Беларусь. Краіна і людзі" выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" была ўдастоена Гран-пры конкурсу.

На II Еўразійскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Eurasian Book Fair 2017 у Астане было прадстаўлена больш за 10 тыс. кніг з 25 краін свету: Беларусі, Расіі, Кітая, ЗША, Германіі, Польшчы, Турцыі, Ірана, Індыі, Манголіі і іншых дзяржаў. Беларусь прадставіла больш за 300 выданняў, паказаўшы ўвесь спектр літаратуры, якая выдаецца ў краіне, у тым ліку краіназнаўчую, дзіцячую, навучальную. За дні працы выстаўку наведалі каля 20 тыс. чалавек.

БЕЛТА