Аляксандр Косінец: Будзе хлеб – будзе і малако
- З зямлёй трэба працаваць штодня, з любоўю, і яна адплаціць нам сторыцай, - падкрэсліў губернатар, звяртаючыся да хлебаробаў перадавога гаспадаркі Віцебскага раёна прама на пшанічным полі. – Сёлета на выніках жніва адбіліся ўмовы надвор'я красавіка, калі зіма фактычна адразу перайшла ў лета, пасяўную мы скончылі ў трэцяй дэкадзе мая. Па кліматычных умовах мы на месяц адстаём ад іншых рэгіёнаў краіны. Асабліва пацярпелі заходнія раёны вобласці. Але робіцца ўсё, каб гаспадаркі Віцебшчыны ў найбліжэйшай будучыні дасягнулі такога ўзроўню развіцця, які дэманструе СПК «Альгоўскае». Ураджайнасць збожжавых тут больш за 51 ц/га, убрана звыш 80% плошчаў, намалочана 9 тысяч тон.
Аграпрамысловы комплекс Прыдзвіння мае велізарны патэнцыял. Апошнімі гадамі працаўнікі вёскі выйшлі на стабільныя вынікі ў сваёй працы, і гэта сведчыць аб правільным выбары ў тактыцы і стратэгіі землекарыстання.
У вобласці рэалізуецца праграма «Чыстыя палі», дзякуючы якой за 2009 - 2012 гады праведзена раскарчоўка хмызняковай расліннасці і ліквідацыя вымочак на плошчы 140 тыс. га. Напрыклад, толькі ў Віцебскім раёне за чатыры гады пасяўныя плошчы павялічыліся на 17 тысяч гектараў. Гэта дазволіла забяспечыць стопрацэнтную поўнасць гектара, эканамічную працу сучасных трактароў і камбайнаў.
- Мадэрнізуецца машынна-трактарны парк, удасканальваецца структура пасяўных плошчаў. Стаўка робіцца на высокадаходныя культуры — пшаніцу, трыцікале, больш высейваецца зернебабовых, грэчкі, кукурузы. Збалансаваная сістэма землекарыстання, аграхімічныя мерапрыемствы прывядуць да галоўнага выніку – росту ўрадлівасці глебы. Нам неабходна дагнаць іншыя вобласці па ўнясенні калійна-фосфарных угнаенняў, - кажа Аляксандр Косінец. – І ўжо праз два гады мы пяройдзем ад экстэнсіўнага да інтэнсіўнага земляробства.
Летась на Віцебшчыне атрыманы рэкордны вынік па вытворчасці мяса. Пастаўлена задача праз тры гады павялічыць вытворчасць малака да 1,3 – 1,5 мільёнаў тон. Мадэрнізацыя малочна-таварных ферм ідзе поўным ходам. Сёлета ў нас не застанецца ніводнай фермы з даеннем у вядро. Колькасць даільных залаў на комплексах ужо павялічылася ў пяць разоў. Таму няма ніякіх сумневаў, што праграма «Малако» будзе выканана датэрмінова. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што карэнная перабудова перапрацоўчай мясамалочнай галіны прывяла да нарошчвання экспартнага патэнцыялу паўночнага рэгіёну краіны, а вынікі ў жывёлагадоўлі цесна звязаны з поспехамі на хлебнай ніве.
Святлана ДЗЕДЗІНКІНА
Фота Аляксандра Хітрова