Аляксандр Косінец: «Прыйшоў час інтэнсіўнага шляху»

Александр Косинец: «Пришло время интенсивного пути»

На 27-й сесіі абласнога Савета дэпутатаў кіраўнік выканаўчай улады Віцебшчыны прадставіў справаздачу аб выкананні асноўных параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну ў 2012 годзе і намеціў планы на год надыходзячы.

Набліжэнне Новага года, мабыць, для кожнага чалавека – гэта час падвядзення вынікаў. Чаго ўдалося дасягнуць, якія пакораны вяршыні і якія ўрокі вынесены са здзейсненых памылак? Зрабіўшы высновы, можна рухацца далей, смела ўзіраючыся ў новыя гарызонты і прыхапіўшы багаж атрыманага досведу. Бягучы год для Прыдзвіння быў напоўнены смелымі планамі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Падводзячы рысу, можна з упэўненасцю сказаць, што з пастаўленымі задачамі мы не проста справіліся, а змаглі выйсці на інтэнсіўны шлях, калі гаворка ідзе пра якасць, інавацыі, інтэлектуальны патэнцыял. Як адзначыў губернатар Аляксандр Косінец, Віцебская вобласць на сённяшні дзень мае самы высокі рэйтынг па выкананні паказчыкаў, устаноўленых Урадам Рэспублікі Беларусь. Назіраецца ўстойлівая станоўчая дынаміка па валавым рэгіянальным прадукце (далей – ВРП). Гэта сведчыць аб тым, што дададзеная вартасць фарміруецца вельмі эфектыўна. Дастаткова высокія паказчыкі ў сферы вытворчасці, асабліва ў апрацоўчай прамысловасці і сельскай гаспадарцы. Аднак не выконваецца ВРП у будаўніцтве (хоць маюцца дастатковыя рэзервы), у пытаннях размеркавання электраэнергіі, газу і вады, выклікае занепакоенасць сфера паслуг у адукацыі і ЖКГ. Над гэтым неабходна папрацаваць.

У 2013 годзе даданая вартасць на аднаго працаўніка павінна скласці 20,4 тысячы долараў, а тэмп ВРП дасягнуць 112 працэнтаў. Для поспеху немалаважны і той факт, што ў нашай вобласці прынята Праграма інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця на 2011-2015 гады, якая мае стратэгічнае значэнне. Яе выкананне – залог харчовай бяспекі, забяспечанай пераходам на мясцовыя віды сыравіны, інтэнсіўным выкарыстаннем уласных рэсурсаў і маштабным тэхпераўзбраеннем. У апошнія гады значна пашырыўся асартымент выпускаемых у Прыдзвінне тавараў. Менавіта на гэта накіраваны падпраграмы «Вітагра», «Віцебскі мех», «Дзецям Віцебшчыны», «Віцебская рыба», «Віцебскі лён» і іншыя. Ужо асвоена 18,8 трыльёна рублёў, створана амаль 5,5 тысячы новых працоўных месцаў, пабудавана і рэканструявана 936 аб'ектаў. У 2013 годзе плануецца на рэалізацыю праграмы накіраваць 27 трыльёнаў рублёў і арганізаваць 1600 працоўных месцаў.

У сферы вытворчасці значна зменшана энергаёмістасць і металаёмістасць, выручка за студзень-верасень павялічылася ў 1,9 раза. Варта адзначыць, што Прыдзвінне мае самы нізкі ўзровень складскіх запасаў – 30,6 працэнта. Але і гэтага не павінна быць. Трэба правесці уцэньку праблемных запасаў і зрабіць прадукцыю ліквіднай, арганізаваўшы больш эфектыўную вытворчасць. Тут не абысціся без мадэрнізацыі прамысловых прадпрыемстваў, як таго патрабуе кіраўнік дзяржавы. У 2013 годзе абнаўлення чакаюць ААТ «Аршанскі льнокамбінат», «Віцебскдрэў», «Віцебскі маслаэкстракцыйны завод», завод радыёдэталяў «Маналіт», завод «Эвістар», кандытарскі камбінат «Віцьба», КУВП «Віцебчанка», мэблевае прадпрыемства «Зара» і іншыя. Ва ўдзельнай вазе прамысловасці павялічылася доля хімічнай і харчовай галін, што дазволіць зрабіць эканоміку не такой уразлівай ад імпарту рэсурсаў і сыравіны.

Пачалася сур'ёзная мадэрнізацыя ў сферы АПК. Зменена структура раслінаводства, павялічана доля ворных зямель і іх эфектыўнасць, рэканструявана 135 малочнатаварных ферм, актывізавалася стварэнне даільных залаў. У выніку Прыдзвінне змагло забяспечыць сваю жывёлагадоўлю кармавой базай, практычна адысці ад даення ў вядро, арганізаваць стопоравае ўтрыманне жывёлы. Гэтая праца будзе завершана ў 2013 годзе. Акрамя таго, ужо пачата праектаванне 21 авечкагадоўчай фермы, 15 звераферм і 15 рыбных гаспадарак.
– У найскладанейшых умовах Віцебская вобласць вырабіла найбольшую колькасць малака і мяса, атрымала небывалы ўраджай збожжа – каля 1400 тысяч тон. У выніку рэнтабельнасць рэалізаванай сельгаспрадукцыі склала 10,7 працэнта. Неабходна адзначыць, што ў Віцебшчыны самыя мінімальныя доўгі ў сельгаспрадпрыемствах. Значны рывок зрабілі перапрацоўчыя мяса-малочныя прадпрыемствы, забяспечыўшы прадукцыяй свой рэгіён і пашырыўшы экспарт да 27 краін. Толькі ў нас маецца сертыфікат Еўрасаюза, атрыманы Верхнядзвінскім масласырзаводам, – падкрэсліў Аляксандр Косінец.

Дарэчы, у 2012 годзе ў вобласці з'явіліся новыя экспартныя рынкі – Гватэмала, Балівія, Грэцыя, Сенегал, Славенія, Чылі, Эквадор. Павялічыўся аб'ём экспарту тавараў у Паўднёвую Амерыку, Афрыку, на Блізкі Усход, а таксама ў еўрапейскія краіны. У бягучым годзе ў развіццё рэгіёну накіравана 14,2 трыльёна рублёў інвестыцый, прыцягнута ў эканоміку 97 мільярдаў прамых замежных інвестыцый, заключана 120 інвестыцыйных дагавораў. Больш сур'ёзныя задачы чакаюцца ў 2013-м.

Вядзецца тэхпераўзбраенне будаўнічай галіны, накіраванае на вытворчасць уласных якасных матэрыялаў. Аднак актуальнымі застаюцца кадравае пытанне і прадукцыйнасць працы. Ёсць магчымасць добра зарабляць, была б у гэтым зацікаўленасць, адзначыў Аляксандр Мікалаевіч. У бягучым годзе ўведзены ў строй аўтавакзалы ў Браславе і Лёзне, адкрыта 150 гандлёвых аб'ектаў, у тым ліку такія буйныя, як «Марка-сіці», «Ніка», «Еўраопт», «Ганна». Пільную ўвагу ўдзялялася і будзе ўдзяляцца аб'ектам аховы здароўя. Уведзены дзіцячая паліклініка ў Віцебску, бальніца ў Шаркаўшчыне, у 2013 годзе ажыве даўгабуд у Мёрах, завершыцца рэканструкцыя медыцынскіх устаноў у абласным цэнтры. На гэта будзе накіравана больш за 300 мільярдаў рублёў. Працягнецца ўзвядзенне ўстаноў адукацыі, будзе праведзена рэканструкцыя Дамоў культуры, мадэрнізацыя кінавідэасеткі і бібліятэк. І ў кожным райцэнтры, падкрэсліў губернатар, павінен быць створаны фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам.

Своеасаблівы экзамен здавала Віцебшчына падчас значных святаў – 1150-годдзя Полацка і Дня пісьменства ў Глыбокім. І здала паспяхова, даказаўшы, што ў нас шануюць традыцыі мінулага і клапоцяцца пра культурную і духоўную спадчыну. Падзеяй 2013-га стануць рэспубліканскія «Дажынкі» ў Гарадку.

Наступаючы год абвешчаны прэзідэнтам Годам беражлівасці. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на выкананне мэтавага паказчыка па энергазберажэнні, павялічыць долю выкарыстання мясцовых відаў паліва, забяспечыць поўную загрузку наяўных вытворчых магутнасцей.


Бюджэт на будучы год захавае сацыяльную накіраванасць – каля 57 працэнтаў прыпадзе на развіццё сацыяльнай сферы. Урадам краіны ўстаноўлена 6 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, Віцебская вобласць бярэ на сябе павышаныя абавязацельствы: у нас іх 25. Але гэта толькі з адной мэтай – палепшыць якасць жыцця насельніцтва, зрабіць так, каб людзі маглі добра зарабляць, забяспечыць годнае будучыню сабе і сваім дзецям. Давядзецца сур'ёзна папрацаваць, павялічыўшы і прадукцыйнасць працы ў 1,7 раза. Ад выканання пастаўленых задач наўпрост залежыць заработная плата жыхароў рэгіёна. Да снежня 2013 года яе сярэдні ўзровень павінен скласці 750-800 долараў.

Вольга МАСЛОЎСКАЯ, «ВР».