Аляксандр Косінец сустрэўся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны

Александр Косинец встретился с ветеранами Великой Отечественной войны
Cімвалічна, што сустрэча кіраўніка вобласці з ветэранамі праходзіла ў рэстаране «Вікторыя». У свой час менавіта Аляксандр Косінец прапанаваў так назваць гэту ўстанову, якая прымыкае да плошчы Перамогі. Да «Вікторыі» былых франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, вязняў фашысцкіх канцлагераў прывозілі на машынах і сустракалі з пашанай.

Cімвалічна, што сустрэча кіраўніка вобласці з ветэранамі праходзіла ў рэстаране «Вікторыя». У свой час менавіта Аляксандр Косінец прапанаваў так назваць гэту ўстанову, якая прымыкае да плошчы Перамогі. Да «Вікторыі» былых франтавікоў, партызан, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, вязняў фашысцкіх канцлагераў прывозілі на машынах і сустракалі з пашанай. Бо павага да ветэранаў, працяг іх ратных і працоўных традыцый – гэта праява вернасці запаветам старэйшага пакалення: берагчы мір і аддаваць свае сілы на карысць Радзімы.

Нямногія па стане здароўя змаглі прыняць удзел у сустрэчы, тым больш радасна было бачыць седавалосых ветэранаў, якіх не зламілі ні выпаўшыя на іх долю выпрабаванні, ні гады. Да такіх адносіцца Аляксей Фёдаравіч Лешкаў, які адзначыў сёлета 90-годдзе. На фронт ён пайшоў хлапчуком, быў мінамётчыкам, аўтаматчыкам, неаднаразова хадзіў у разведку. Вызваляў родную Беларусь, дайшоў да Кёнігсберга. Пасля вайны скончыў ваеннае вучылішча, служыў у авіяцыі. І сёння афіцэрская выпраўка франтавіка бачная за версту. Старэйшы сын Аляксея Фёдаравіча таксама стаў вайскоўцам. Ветэран кажа, што заставацца ў страі яму дапамагае здаровы лад жыцця.

Сярод запрошаных – нямала жанчын, на далікатныя плечы якіх леглі ўсе цяжкасці вайны. Цяжка падлічыць, колькі параненых вынесла з поля бою Вольга Рыгораўна Зайцава. З школьнай лавы яна пайшла медсястрой на фронт. Прымала ўдзел у вызваленні Беларусі, Польшчы, узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны I ступені, іншымі ордэнамі і медалямі. На фронце пазнаёмілася са сваім будучым мужам, з якім пражылі больш за 50 гадоў.

Марыя Кірылаўна Савіна была разведчыцай у партызанскай брыгадзе Леанова на Сенненшчыне.

– Калі вызвалілі раён, пайшла выкладаць у школу. Усё было разбурана, не было ні тэлефоннай сувязі, ні радыё, але нейкім чынам у сельсавет перадалі, што Германія капітулявала, нехта прыбег у школу. Колькі радасці было! Цяжка перадаць тыя пачуцці, якія перажывалі ўсе – і дарослыя, і дзеці, – узгадвае былы разведчык.

Звяртаючыся да ветэранаў Вялікай Айчыннай, Аляксандр Касінец падкрэсліў: дарагой цаной дасталася Перамога. Кожны трэці жыхар вобласці аддаў за яе сваё жыццё. Фашысты спалілі больш за 200 вёсак разам з жыхарамі. Да вайны на тэрыторыі Віцебшчыны пражываў 1 млн 800 тыс. чалавек, сёння – крыху больш за 1 млн 200 тыс. Мы нават не дасягнулі даваеннай колькасці. Памяць загінулых прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

На Віцебшчыне каля 2,5 тыс. абеліскаў, на іх аднаўленне толькі сёлета выдзелена больш за 9 млрд рублёў. Але яшчэ не ўстаноўлены імёны ўсіх герояў, якія аддалі жыццё ў імя Перамогі. Сёння гэтым займаюцца на прафесійным узроўні.

Як адзначыў Аляксандр Касінец, на тэрыторыі вобласці пражываюць каля 3 тыс. ветэранаў, 6,5 тыс. вязняў канцлагераў. Улады робяць усё неабходнае, каб яны жылі даўжэй, паколькі іх вопыт бясцэнны. На аказанне дапамогі ветэранам накіравана 43 млрд рублёў. Многія палепшылі жыллёвыя ўмовы, прайшлі абследаванні ў медыцынскіх установах, рэабілітацыю ў санаторыях і шпіталях.

– Сёлета мы святкуем 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За ўсё, што вы зрабілі дзеля міру на зямлі, нізкі вам паклон, – звярнуўся да ветэранаў кіраўнік вобласці і прапанаваў першы тост за Вялікую Перамогу.

Тацяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"