Аляксандр Лукашэнка ўхваліў новую Ваенную дактрыну Беларусі
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў новую Ваенную дактрыну Беларусі па выніках пасяджэння Савета Бяспекі, якое адбылося 22 студзеня. Кіраўнік дзяржавы даручыў пры неабходнасці ўнесці ў дакумент праўкі з улікам абмеркавання. У бліжэйшы час праект закона, які прадугледжвае зацвярджэнне Ваеннай дактрыны, будзе ўнесены Прэзідэнтам на разгляд у парламент. Кіраўнік краіны звярнуў увагу на тое, што новая дактрына вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.
Аб міралюбнай палітыцы Беларусі і рашучасці адстойваць нацыянальныя інтарэсы
«Мы з поўным правам можам публічна пацвердзіць нашу міралюбную палітыку і адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Разам з тым заявіць аб рашучасці ў адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. У тым ліку, калі спатрэбіцца, з прымяненнем усёй ваеннай арганізацыі дзяржавы, – сказаў беларускі лідар. – Гэта значыць, нам нічога чужога не трэба, але метра свайго не аддадзім. Гэта не намі прыдумана».
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што прамая ваенная пагроза Беларусі адсутнічае. «На першы план выйшлі выклікі іншага характару. Аднак, як гаворыць народная мудрасць, парах трэба трымаць сухім. І гэтая мудрасць захоўвае сваю актуальнасць», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што новая Ваенная дактрына вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.
Ён нагадаў, што з моманту зацвярджэння дзеючай дактрыны прайшло паўтара дзясятка гадоў і за гэты перыяд абстаноўка ў свеце і вакол Беларусі кардынальна змянілася. У прыватнасці, абвастрыліся супярэчнасці сусветных і рэгіянальных цэнтраў сілы ў барацьбе за перадзел сфер уплыву і імкненне адстойваць свае геапалітычныя інтарэсы рознымі спосабамі.
«Активное использование механізмаў «каляровых рэвалюцый» для звяржэння законнай улады прывяло да павелічэння колькасці ўзброеных канфліктаў. Пры гэтым усё часцей дасягненне палітычных мэт адбываецца шляхам падрыву дзяржавы знутры, – канстатаваў беларускі лідар. – У стан хаосу ўвергнуты Ірак, Лівія, Емен, працягваецца кровапраліцце ў Сірыі. Да гэтага часу не ўдалося нармалізаваць абстаноўку ва Украіне. Шэраг «гарачых кропак» знаходзіцца ў «замарожаным» стане і можа ўспыхнуць у любы момант».
Прэзідэнт адзначыў, што тэрарызм захліснуў увесь свет, ад еўрапейскага кантынента да Злучаных Штатаў Амерыкі, а паток бежанцаў, якія бягуць ад вайны, актыўна накіроўваецца ў Еўропу. «Узмацніліся супярэчнасці паміж Расійскай Федэрацыяй і дзяржавамі – членамі НАТА, калі не сказаць больш. І паміж імі апынуліся мы, як паміж молатам і кавадлам», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што захоўваецца пагроза глабальнай і рэгіянальнай бяспецы, пры гэтым далейшая эскалацыя канфліктаў можа мець непапраўныя наступствы як для Еўропы, так і для ўсяго чалавецтва. Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што з'явіліся новыя з'явы, якія патрабуюць адэкватнага рэагавання. Так, на змену традыцыйным формам вайны прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя. У іх значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў уздзеяння на фарміраванне грамадскай думкі ў той ці іншай дзяржаве.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што аналіз сучаснай абстаноўкі вымушае скарэктаваць падыходы да комплекснага забеспячэння нацыянальнай бяспекі, у тым ліку ў ваеннай сферы. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе была пастаўлена задача міністру абароны вывучыць усе варыянты сілавога рэагавання на сучасныя пагрозы з улікам доўгатэрміновага прагнозу, адлюстраваўшы гэта ў новай рэдакцыі Ваеннай дактрыны, што і было выканана. Членам Савета Бяспекі было прапанавана абмеркаваць, наколькі ўлічаны змены форм і спосабаў вядзення ўзброенай барацьбы ў дакуменце, як ацэнена з пункту гледжання забеспячэння бяспекі Беларусі ваенна-палітычная абстаноўка, якая складваецца, як будуць адлюстроўвацца тыя ці іншыя пагрозы краіне.
«Забеспячэнне стабільнасці і бяспекі – гэта галоўная ўмова ўстойлівага развіцця дзяржавы і наша найважнейшая задача», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Забяспечыць народу бяспечнае жыццё і суверэнітэт краіны
«У любога народа, тым больш нашага, беларускага, да ўлады заўсёды былі і ёсць прэтэнзіі: і цэны высокія, і мяса, малака мала ці шмат, і шмоткі не такія, як імпартныя, і заробкі, і пенсіі невысокія, парканы паламаліся, дахі прахудзіліся, снег не прыбрала ўлада з вуліц, машыны не ачысціла ў час і г. д. З цягам часу гэтыя прэтэнзіі сыдуць, яны проста забудуцца, або народ, як гэта заўсёды бывае, уладу даруе. Але не даруе аднаго – калі мы яму не забяспечым бяспеку і абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны. Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако – нічога не трэба будзе, калі не будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі, – сказаў Прэзідэнт. – Таму, калі застанецца апошні рубель у бюджэце ці ў кішэні дзяржаўнай, то выдаткаваць яго варта на бяспеку нашага народа. Гэта галоўнае».
У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Украіну. «Спытайце сёння ў любога ўкраінца, які пражывае там, не толькі ў Данецку, Данбасе, Луганску: што для іх галоўнае. Бо ў іх і жыцця-то фактычна няма, з пункту гледжання нашага народа. Там ніхто ўжо не гаворыць пра цэны, пра мяса, пра валюту, пра курс і г. д. Яны мараць пра тое, каб ад іх усе адчапіліся і ў краіне была нармальная сітуацыя, каб быў мір. Усё астатняе, як кажуць украінцы, мы знойдзем самі, сваёй працай, – адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. – Таму, чаго б нам гэта ні каштавала, трэба захаваць мір на нашай зямлі, забяспечыўшы бяспечнае жыццё нашага народа і абараніўшы той кавалак зямлі, які дастаўся нам у спадчыну».
Па матэрыялах БелТА падрыхтаваў Артур Сіўіцкі. Віцебскія весці.