Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з уборкай у Міёрскім раёне і наведаў абноўленую бальніцу

Александр Лукашенко ознакомился с уборочной в Миорском районе и посетил обновленную больницу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць тэхналагічную і кадравую дысцыпліну падчас уборачнай кампаніі ў краіне. Адпаведнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў 3 жніўня падчас рабочай паездкі ў Мёрскі раён Віцебскай вобласці.

"Тэхналагічная дысцыпліна - без яе няма чаго ў поле выязджаць. Калі няма тэхналогій, што араць і сеяць у страту? І самае галоўнае - гэта кадровая, працоўная дысцыпліна, жалезная дысцыпліна. Прыцягвайце каго хочаце, але людзі павінны выконваць свае абавязкі, бо Віцебская вобласць будзе тэлепацца, барахтацца ў сваім соку шмат дзесяцігоддзяў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Наведваючы ў Мёрскім раёне ААТ "Туркава", Прэзідэнт пацікавіўся тэмпамі ўборкі збожжавых у вобласці і краіне, відамі на ўраджай. "Калі прыбяром усё, што ў нас ёсць, а мы прыбяром, збожжам мы забяспечым краіну без праблем", - упэўнены Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні дзяржаўнага заказу па продажы збожжа, забеспячэнні кармамі жывёлагадоўчай галіны і прымяненні прагрэсіўных тэхналогій пры іх нарыхтоўцы.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на забеспячэнне гаспадарак неабходнай тэхнікай, у прыватнасці, размова ішла аб пастаўцы на прадпрыемствы беларускіх прэс-падборшчыкаў. "Трэба за зіму навучыць механізатараў працы на гэтых прэс-падборшчыках. І трэба дапамагчы закупіць іх, - паставіў задачу Кіраўнік дзяржавы. - Гэта выратаванне для краіны, не толькі для Віцебшчыны".

"Давайце будзем зыходзіць з таго, што ёсць. Пара Віцебскай вобласці падымацца на ногі за кошт таго, што ў яе тут засяроджана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сеяць неабходна тыя культуры, якія даюць найбольшы ўраджай у існуючых умовах. "Тут кожны раён павінен вызначыцца, зыходзячы з кліматычных умоў, проста звычкі людзей, што сеяць", - дадаў Прэзідэнт.

Асаблівую ўвагу ён звярнуў на развіццё жывёлагадоўчай галіны ў рэгіёне і забеспячэнне гаспадарак неабходным абсталяваннем. Аляксандр Лукашэнка прывёў у прыклад калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне (Магілёўская вобласць), дзе стварылі простыя, але максімальна спрыяльныя

умовы для жывёлагадоўчай дзейнасці.

Падчас наведвання Мёрскай цэнтральнай раённай бальніцы Кіраўнік дзяржавы сустрэўся з беларускім бізнесменам Аляксеем Каваленкам, дзякуючы якому ў горадзе пачалі ўзводзіць унікальны прамысловы аб'ект з прыцягненнем нямецкіх інвестыцый і па нямецкіх тэхналогіях - Мёрскі металапракатны завод.

Прадпрымальнік прапанаваў Прэзідэнту пабудаваць у Міёрах такім жа чынам яшчэ адзін аб'ект, але толькі ўжо ў сацыяльнай сферы - высокатэхналагічны кардыялагічны цэнтр па нямецкіх стандартах. Ён будзе створаны для аказання экстраннай і планавай спецыялізаванай дапамогі насельніцтву блізкіх раёнаў і экспарту медыцынскіх паслуг замежным грамадзянам.

Чакаецца, што медыцынскі цэнтр будзе функцыянаваць па прынцыпах дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Яго будаўніцтва набывае асаблівую актуальнасць у сувязі з запускам у Міёрах у бліжэйшыя гады новага завода, які прыцягне ў горад дадатковыя працоўныя рэсурсы. "З бюджэту на будаўніцтва нічога не трэба, усё пабудуецца замежным партнёрам, кіраванне будзе замежнае. Такіх няма ні ў нас, ні ў Расіі, ні ў Казахстане", - адзначыў Аляксей Каваленка.

Аляксандр Лукашэнка адказаў, што вывучыў гэты праект. "Калі мы будзем у цябе лячыць людзей, якія не могуць заплаціць, мы за іх будзем плаціць", - сказаў Прэзідэнт. Разам з тым ён падкрэсліў, што цэны павінны быць узважанымі. "Калі мы будзем бачыць, што нам гэта прапануюць для таго, каб зарабіць вялікія грошы (не думаю, што гэта так), мы адмовімся ад паслуг, таму што ў нас хапае, дзе лячыць людзей", - сказаў ён.


Праекціроўшчыкам і пастаўшчыком абсталявання, калі рашэнне аб будаўніцтве медцэнтра будзе прынята, павінна стаць нямецкая кампанія KBV GmbH & Co. KG з больш чым 40-гадовым вопытам работы ў сферы аховы здароўя. Плануецца, што інвестыцыі складуць амаль 77 млн еўра.

Па матэрыялах БелТА.