Аляксандр Лукашэнка наведаў бальніцу імя Семашкі і мясакансервавы камбінат у Воршы
.jpg)
Галоўны ўрач Сяргей Карака далажыў аб выніках працы медустановы і аб арганізацыі планавай і экстранай медыцынскай дапамогі, у тым ліку пацыентам з COVID-19.
– Бальніцы функцыянуюць у «змяшаным» рэжыме, – адзначыў Сяргей Анатольевіч. – За мінулы тыдзень перапрафілявана ў звычайны рэжым працы 68 ложкаў. У цяперашні час ва ўстановах аховы здароўя рэгіёну 362 інфекцыйныя ложкі, на якіх атрымліваюць лячэнне 325 пацыентаў з інфекцыяй COVID-19. На наяўных 20 рэанімацыйных ложках знаходзіцца 17 пацыентаў, з іх 5 на ШВЛ. Функцыянуе 201 кіслародная кропка, падтрымку атрымліваюць 134 пацыенты.
.jpg)
.jpg)
Асноўны аб'ём меддапамогі пацыентам з COVID-19 аказваюць у гарадской бальніцы №1. На 5 лістапада перапрафілявана 289 ложкаў, дзе лечыцца 231 пацыент, выдзелена 14 рэанімацыйных ложкаў, з іх занята 11, у тым ліку 3 пацыенты – на ШВЛ, абсталявана 145 кропак падачы кіслароду, атрымліваюць кіслародную падтрымку 104 пацыенты.
Разам з тым бальніца працягвае аказваць медыцынскую дапамогу пацыентам з неінфекцыйнымі захворваннямі. Ва ўстанове даступныя высокатэхналагічныя аператыўныя нейрахірургічныя і траўматалагічныя ўмяшанні, інтэнсіўна працуе ангіяграфічная аперацыйная.
Дарэчы, у склад АЦП уваходзяць амбулаторна-паліклінічныя арганізацыі, 23 фельчарска-акушэрскія пункты, 7 бальнічных арганізацый: гарадская бальніца №1 імя Семашкі, гарадская бальніца №3, гарадскі радзільны дом і 4 сельскія ўчастковыя бальніцы. Агульная магутнасць стацыянараў установы аховы здароўя – 1145 ложкаў, у тым ліку 40 ложкаў дзённага знаходжання, 55 ложкаў сястрынскага догляду і 1050 кругласутачных, а таксама 10 ложкаў медыцынскай рэабілітацыі, якія ўтрымліваюцца за кошт пазабюджэтных сродкаў.
Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання ў Оршы гарадской бальніцы № 1 ім. Семашкі выказаўся пра праблему працоўнай міграцыі ўрачоў.
Паводле яго слоў, некаторыя медыкі, атрымаўшы ў Беларусі бясплатную адукацыю, з'язджаюць за мяжу і пачынаюць працаваць там. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што гэту праблему неабходна вырашыць.
– Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца – скончыў яго. Мы цябе рыхтавалі – да прыкладу, адпрацуй 10 гадоў. Нам трэба паставіць усе кропкі над «i», – выказаўся Аляксандр Лукашэнка.
Таксама Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму заробкаў урачоў і настаўнікаў.
– Узровень гэтых заробкаў для ўрачоў трэба захаваць. Урачы пойдуць у нас у бюджэтнай сферы як лакаматыў па заробку, будзем і настаўнікаў падцягваць, – адзначыў Прэзідэнт. – Не можа быць краіны без урача і настаўніка. Гэта наша сапраўдная інтэлігенцыя.
.jpg)
Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што пры абмеркаванні якіх-небудзь праектаў або падчас нарады хочацца чуць розныя меркаванні. Але ў той жа час чыноўнікі павінны разумець: яны працуюць на дзяржаву, таму павінны прытрымлівацца выпрацаванага курса.
Аляксандр Лукашэнка ў дэталях цікавіўся арганізацыяй меддапамогі, у тым ліку працай прыёмных аддзяленняў, колькасцю і эфектыўнасцю выкарыстання аперацыйных, лячэннем пацыентаў на тэрыторыі ўсяго Аршанскага раёна.
Пасля наведвання чырвонай зоны Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з калектывам гарадской бальніцы №1 імя Семашкі.
Медыкі Аршаншчыны папрасілі ў Прэзідэнта аказаць садзейнічанне ў закупцы апарата МРТ.
– Дапамогу акажам! – паабяцаў Прэзідэнт. – Але на закупку такога дыягнастычнага абсталявання патрэбны вялікія грошы.
У першую чаргу апаратамі МРТ абсталёўваліся буйныя медустановы ў Мінску, потым – у абласных гарадах. Цяпер на чарзе 11 буйных гарадоў у краіне, накшталт Оршы.
Закранаючы пытанне мадэрнізацыі, Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней у гарадской бальніцы быў пабудаваны новы корпус, а сама ўстанова аховы здароўя абсталявана сучасным абсталяваннем.
Адно з пытанняў да Прэзідэнта – лад жыцця і наяўнасць аптымізму ва ўмовах пандэміі. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, важна жыць нармальным жыццём, у тым ліку нармальна харчавацца сваімі, а не імпартнымі прадуктамі. У якасці прыкладу Прэзідэнт прывёў распарадак свайго дня, дзе значная роля адведзена фізічнай актыўнасці.
Наступны незапланаваны пункт у рабочым графіку Аляксандра Лукашэнкі – Аршанскі мясакансервавы камбінат. Разбіраючыся з прадстаўнікамі калектыву прадпрыемства, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што да ўсяго неабходна падыходзіць разумна і па-гаспадарску. На АМКК Прэзідэнт пацікавіўся, якім чынам арганізуюць працоўны працэс у новым цэху, што плануюць зрабіць са старымі вытворчымі і гаспадарчымі будынкамі. Як высветлілася, будаўніцтва новага цэха па забоі буйной рагатай жывёлы завяршаецца, усё неабходнае абсталяванне ўстаноўлена і на днях пачнуцца пусканаладачныя работы. Увесці ў эксплуатацыю цэх плануюць да канца года.
Фота "БЕЛТА"