Аляксандр Лукашэнка наведаў гаспадаркі Магілёўскай і Віцебскай абласцей

Александр Лукашенко посетил хозяйства Могилевской и Витебской областей
Кіраўнік дзяржавы наведаў Шклоўскі і Аршанскі раёны, дзе азнаёміўся з ходам уборачнай кампаніі ў краіне, сучаснымі ўзорамі сельскагаспадарчай тэхнікі і асабіста на камбайне праінспектаваў ход жніва.

Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што месцы для наведвання выбраны не выпадкова: тут яго малая радзіма і тут ён працаваў з малых гадоў. «Я сёння прыехаў на працу. Гэта поле Прэзідэнта. Калісьці хтосьці з лёгкай рукі гэта сказаў. Гэта сапраўды маё поле, дзе я працаваў», – растлумачыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён заслухаў даклады аб ходзе ўборачнай кампаніі ў краіне і асобных рэгіёнах, падрабязна абмеркаваў са спецыялістамі нюансы выкарыстання розных сартоў збожжавых айчыннай і замежнай селекцыі. Удзяліў асаблівую ўвагу тэме забеспячэння аграрыяў якаснай айчыннай збожжаўборачнай тэхнікай.

Менавіта па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі ў свой час пачалося развіццё айчыннага камбайнабудавання, за два дзесяцігоддзі на прадпрыемстве «Гомсельмаш» створана і асвоена вытворчасць сямі базавых мадэлей збожжаўборачных камбайнаў і 38 мадыфікацый розных класаў.

У гэты раз у полі Прэзідэнт ацаніў камбайн КЗС-1624-1, які займае верхнюю прыступку мадэльнага шэрагу камбайнаў «Палессе». Заслухаўшы інфармацыю аб яго тэхнічных асаблівасцях і вопыце эксплуатацыі, Аляксандр Лукашэнка даручыў да наступнай уборачнай абнавіць мадэль, устраніўшы ўсе выяўленыя на практыцы недахопы, і заняцца распрацоўкай і стварэннем яшчэ больш дасканалага камбайна. А затым вырашыў праверыць яго працу асабіста, размясціўшыся на пляцоўцы каля кабіны.

Убачыўшы, як паводзіць сябе тэхніка на хаду, Прэзідэнт адзначыў: «Трэба даказаць, што на гэтым камбайне можна выдаваць вынікі не горш, чым на імпартным. Шматее залежыць ад механізатара. Галоўнае – чалавек». Ён падкрэсліў важную ролю тых, хто непасрэдна эксплуатуе тэхніку: калі падыходзіць да гэтага са знаннем справы, то і вынікі будуць вышэйшыя, а тэхніка захаваецца лепш.

Свайго часу гэта поле стала эксперыментальным у плане выкарыстання тэхналогій вытворчасці збожжа, і кіраўнік дзяржавы ўзяў пытанне пад свой кантроль. У выніку сёлета ўраджайнасць пшаніцы тут склала 91 ц/га. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у часы яго юнацтва на гэтым полі збіралі ўраджай не больш за 13-17 ц/га. Гэта пацвярджае тое, што пры выкарыстанні якаснага насення, захаванні культуры земляробства і ўсіх тэхналагічных працэсаў практычна на любой глебе можна атрымліваць высокія ўраджаі.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не зніжаць тэмпаў уборачнай кампаніі. Віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы паведаміў, што ў краіне збожжавыя і зернебабовыя ўбраны на 80,2% плошчаў пры сярэдняй ураджайнасці 36 ц/га. Намалочана каля 6,3 млн т.

«Сёння да вечара ўжо набярэм валавы збор мінулага года», – сказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, сёлета беларускія аграрыі атрымалі добры ўраджай і па іншых культурах, у многіх выпадках паказчыкі перавышаюць леташнія.

Акрамя ўборачнай, цяпер перад сельскай гаспадаркай стаяць і іншыя не менш значныя задачы, падкрэсліў Прэзідэнт. Неабходна хутка перайсці да пасяўных работ, каб закласці аснову добрага ўраджаю на будучы год. І, вядома, на кантролі – укос траў. Так што ў аграрыяў сапраўды гарачая пара.

У завяршэнне сустрэчы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў успомніць традыцыі і правёў прысутным на сустрэчы журналістам майстар-клас па ўборцы збожжавых сярпом. У своеасаблівай талацэ таксама ўзялі ўдзел віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы, старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шэрстнёў і іншыя кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады. Асаблівую атмасферу стварала і тое, што журналісты былі ў майках з беларускім арнаментам. Сапраўдны нацыянальны каларыт на шчодрым беларускім полі!

БЕЛТА.