Аляксандр Субоцін даў старт добраахвотнай рэспубліканскай акцыі «Аднавім лясы разам!»

Александр Субботин дал старт добровольной республиканской акции «Аднавім лясы разам!»
Кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама на чале з яго старшынёй Аляксандрам Субоціным прыняло ўдзел у добраахвотнай рэспубліканскай акцыі «Аднавім лясы разам!», якая прайшла ў Богушэўскім лясгасе.

Сёлета акцыя прысвечана Году якасці і праходзіць пад дэвізам "Пасадзі сваё дрэва сам!". Сёння кіраўніцтва аблвыканкама з прадстаўнікамі раённай улады і работнікамі лясгаса пасадзілі ў Богушэўскім лясніцтве больш за 10 тыс. саджанцаў сосны і каля 5 тыс. саджанцаў бярозы на тэрыторыі ў 3,1 га.

У пасадцы лясных культур таксама прынялі ўдзел жонка і дачка кіраўніка вобласці - Ірына і Аляксандра.


- Мы не першы раз прымаем удзел у гэтай акцыі і заўсёды з задавальненнем праводзім час у лесе, на прыродзе. Тут мы можам і фізічна папрацаваць, і пасмяяцца, а галоўнае - дапамагчы стварыць новы лес, - адзначыў Аляксандр Субоцін. - Прывучаць да працы і беражлівых адносін да лесу трэба з дзяцінства і на ўласным прыкладзе. Таму я ўзяў сёння з сабой дачушку. Думаю, думка аб тым, што неўзабаве тут вырастуць новыя дрэвы, якія ты пасадзіў сам, выклікае радасць і гонар у кожнага ўдзельніка акцыі.

Як адзначыў генеральны дырэктар Віцебскага ДВА «Лясгас» Юрый Ліпскі, сёлета ў рамках акцыі ў паўночным рэгіёне плануюць стварыць больш за дзве тысячы га лясоў, высадзіўшы каля 12 млн. саджанцаў хваёвых, елкі і бярозавых раслін. І чакаюць, што да добрай справы далучацца каля 12 тыс. чалавек, сярод якіх не толькі самі ляснікі і іх сем'і, а таксама працоўныя калектывы, школьнікі, прадстаўнікі розных органаў улады і валанцёры.

- Усяго сёлета мы плануем стварыць каля 3 тыс. га новых лясоў, у асноўным, яны будуць пасаджаны вясной, - падкрэсліў Юрый Ліпскі. - Частку лясоў мы закладзем восенню на лясных участках, якія пацярпелі ад леташніх бураломаў.

Акцыя працягнецца да 20 красавіка. Каб прыняць у ёй удзел, варта звярнуцца ў бліжэйшы лясгас або лясніцтва, дзе вас забяспечаць пасадачным матэрыялам і вызначаць участак для пасадкі лясных культур.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"