Аляксандр Субоцін: "Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў яшчэ раз даказвае, як важна і складана захаваць мір, адзінства ў грамадстве"
Кожны год 15 лютага жыхары аграгарадка прыходзяць да мемарыяльнага комплексу. Тут устаноўлены памятныя знакі ў гонар абаронцаў Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай і воінаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Гэта сімвалічна. Такія, здавалася б, розныя дзве войны паказалі стойкасць, гераізм, патрыятызм нашых дзядоў, бацькоў, братоў, равеснікаў. На мармуровай пліце, усталяванай ля падножжа баявой машыны, выгравіраваны радкі: «Воінам-інтэрнацыяналістам за невычарпальную вернасць абавязку, традыцыям старэйшых пакаленняў, непрымірымую волю да перамогі, адвагу і мужнасць».
– Мы адзначаем 15 лютага як Дзень памяці, яднання, смутку па загінулых і гордасці за тое, што годна выканалі інтэрнацыянальны абавязак. Вайна ў Афганістане незагойным рубцом лягла на сэрцы. Але адначасова яна паказала, што наша пакаленне годна памяці дзядоў. Гэты дзень яшчэ раз даказвае, як важна і складана захаваць мір, адзінства ў грамадстве, – падкрэсліў, выступаючы на мітынгу, Аляксандр Субоцін.
Старшыня Віцебскай раённай грамадскай арганізацыі «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Уладзімір Моцін адзначыў, што час не ўлада над памяццю. Да скорбнага спісу тых, хто не вярнуўся дадому, хто аддаў жыццё, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак, сёння дадаліся ветэраны, якія памерлі ад ран і перажытых выпрабаванняў. Іх сярэдні ўзрост – 49 гадоў.
– Для нас 15 лютага – не свята, а знакавая падзея, калі апошні салдат пакінуў афганскую зямлю, і скончылася вайна. Гэта знамянальны дзень, якога ўсе чакалі. Сёння мы ўспамінаем сваіх баявых таварышаў, загінулых, якія адышлі ў іншы свет у пасляваенныя гады і жывых. Важна, што ў памятных мерапрыемствах прымае ўдзел маладое пакаленне, якое павінна разумець, што такое доўг, любоў да Радзімы, служэнне сваёй краіне, – сказаў Уладзімір Моцін.
Пасля заканчэння мітынгу стартаваў аўтапрабег у Багушэўск Сенненскага раёна. Яго ўдзельнікі ўсклалі кветкі да памятнага знака ў гонар воінаў-афганцаў, адкрытага летась. Затым картэж памяці вярнуўся ў аграгарадок Кастрычніцкая, дзе прайшла сустрэча прадстаўнікоў трох раёнаў: Віцебскага, Сенненскага і Лёзненскага. У мясцовым Доме культуры быў паказаны дакументальны фільм, а таксама прайшоў канцэрт, прысвечаны памятнай даце.