Аляксандр Субоцін: "Гэта нашы жывыя традыцыі, і яны з'яўляюцца нацыянальным кодам Айчыны"
Старшыня вобласці адзначыў, што бітва на Ушацкай зямлі доўжылася 25 дзён і стала адной з трох найбуйнейшых у сусветнай гісторыі партызанскіх бітваў. Карнікам не ўдалося знішчыць ачаг народнага супраціву. Аб подзвігу ўдзельнікаў партызанскай аперацыі «Прарыў» сведчыць выбіты на пліце надпіс: «Іх было 17 185 супраць 60 тысяч. Мужнасць народа перамагла. Смерць стала бессмяротнасцю».
Полацка-Лепельскую зону можна лічыць паўнавартаснай партызанскай рэспублікай. 3200 квадратных метраў вызваленай тэрыторыі, на якой знаходзілася 1220 населеных пунктаў, дзе пражывала 73,5 тысячы мірных жыхароў. Тут дзейнічала савецкая ўлада, працавалі электрастанцыі, фабрыкі, майстэрні, друкарня, школы, функцыянавалі тры аэрадромы, праз якія падтрымлівалася сувязь з Вялікай зямлёй.
– Кожны год з усёй вобласці, з суседніх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі да мемарыяла «Прарыў» прыязджаюць дэлегацыі, каб зноў і зноў з усёй сілай заявіць: наша сіла ў згуртаванасці і яднанні народаў, толькі так мы зможам супрацьстаяць гвалту і экстрэмізму, – сказаў Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік рэгіёна акцэнтаваў увагу на тым, што ва ўсіх патрыятычных акцыях актыўны ўдзел прымае моладзь. Яна працягвае эстафету, пачатую нашымі дзядамі і прадзедамі, якія ўздымалі разбураную войнамі і ўзрушэннямі эканоміку, здзяйснялі працоўныя подзвігі. Іх прыклад служыць арыенцірам цяперашняму маладому пакаленню.
– Мы дзякуем нашым ветэранам за мужнасць, гераізм і самаадданую працу, за тое, што маем сёння магчымасць мірна жыць, працаваць, гадаваць дзяцей, будаваць будучыню роднай краіны, – сказаў Аляксандр Субоцін і пажадаў усім здароўя, даўгалецця, міру і дабра.