Аляксандр Субоцін на мітынгу: важна не дапусціць, каб перапынілася сувязь часоў
Вялікая Айчынная вайна стала цяжкім выпрабаваннем для беларускага народа, але жахі жорсткіх кровапралітных дзён не змаглі зламіць яго волю жыць у свабоднай і незалежнай краіне. Стойкасць і гераізм савецкіх воінаў і цывільнага насельніцтва ў барацьбе супраць акупантаў адкрылі шлях да Вялікай Перамогі.
"Болем у сэрцы адгукаецца памяць аб загінулых на фронце і закатаваных акупантамі мірных жыхарах. Тысячы воінаў, сыноў розных народаў былога Савецкага Саюза вызвалялі Лёзненшчыну. Больш за 32 тыс. з іх навечна засталіся ў гэтай зямлі. Дагэтуль пошукавыя атрады знаходзяць новыя пахаванні загінулых герояў, устанаўліваюць іх імёны. Дзеючая армія, фронт, тыл, партызанскія брыгады імя Данукалава і "Лёзненская" - усюды ваявалі ўраджэнцы Лёзненскага краю. Пяцёра - Іван Авекаў, Цімафей Гарноў, Ігнат Мацкевіч, Сяргей Чарапнёў, Іван Янушкоўскі былі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. А двое - Віктар Ландышэнка і Пётр Савуцін сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Амаль 2 тыс. узнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі", - сказаў Аляксандр Субоцін.
Ён выказаў вялікую ўдзячнасць ветэранам, усім пакаленням працаўнікоў лёзненскай зямлі за ўклад у развіццё рэгіёна. "У вобласці праводзіцца вялікая работа па ўшанаванні памяці герояў. Цяпер вельмі важна не дапусціць, каб перапынілася сувязь часоў, вычарпаліся гераічныя традыцыі. На прызнанні і павазе подзвігаў старэйшага пакалення, захоўваючы памяць аб мінулым, мы выхоўваем сапраўдных патрыётаў, абаронцаў роднай зямлі", - заключыў старшыня Віцебскага аблвыканкама.
Лёзна адзначае 80-ю гадавіну з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны гарадскі пасёлак стаў першым райцэнтрам Віцебскай вобласці, які Чырвоная армія вызваліла ад ворага. Прарваць умацаваныя пазіцыі нямецкіх акупантаў удалося 8 кастрычніка 1943-га, жорсткія баі за гэту зямлю працягваліся да 10 кастрычніка.