Аляксандр Субоцін азнаёміўся з дзейнасцю ААТ «Полацк-Шкловалакно»
– "Полацк-Шкловалакно" – гэта перадавое прадпрыемства. Радуе бачыць, што яно захавала свой трэнд, свой патэнцыял, развіваецца далей, – сказаў пасля наведвання цэхаў Аляксандр Субоцін. – Гэта ўсяляе надзею, у тым ліку і на экспартныя магчымасці прадпрыемства. А перспектывы ў "Полацк-Шкловалакна" ёсць перш за ўсё таму, што яно актыўна развіваецца ў бок усходняга рынку. І ў цэлым хачу сказаць, што калі гэта сённяшняе еўрапейскае вар'яцтва скончыцца, бізнес і супрацоўніцтва прадпрыемстваў будуць развівацца па-ранейшаму.
Генеральны дырэктар прадпрыемства Раман Блізнёў паведаміў кіраўніку вобласці, што і ва ўмовах санкцый ім удалося забяспечыць збалансаванасць знешнегандлёвай дзейнасці. За I квартал 2022 года ўдзельная вага экспарту ў аб'ёме адгружанай прадукцыі складзе 90,6%. Удзельная вага інавацыйнай у агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі – 30,5%. ААТ «Полацк-Шкловалакно» ажыццяўляецца шырокая інвестыцыйная праграма. За I квартал 2022 года асвоена інвестыцый на 1,4 млн рублёў.
Адкрытае акцыянернае таварыства «Полацк-Шкловалакно» – адзін з вядучых вытворцаў шкловалакна і матэрыялаў на яго аснове ў свеце. Прамысловы комплекс аб'ядноўвае ўсе тэхналагічныя працэсы – ад выпрацоўкі да тэрмахімічнай апрацоўкі прадукцыі. Тут выконваюць заказы не толькі для аўтамабіле-, авія- і суднабудавання, але і для электратэхнічнай і будаўнічай галін, металургічнага і ваенна-прамысловага комплексаў. Унікальнае шкловалакно, якое вытрымлівае да 1200 градусаў, выкарыстоўваецца нават у атамных рэактарах, у касмічнай галіне. Тут умеюць рабіць валокны ад 5 да 25 мікрон (для параўнання – чалавечы валасок 20 мікрон). Сёння на 10 печах выпрацоўваецца 60 тыс. т шкловалакна ў год, а асартымент вырабаў, якія выпускаюцца тут, налічвае каля тысячы пазіцый. На прадпрыемстве працуе 3821 чалавек, гадавая выручка парадку 100 млн долараў, а ў планах павялічыць яе ў два разы.