Аляксандр Субоцін азнаёміўся з вытворчым патэнцыялам "Гомельагракомплекта"

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін 26 ліпеня пры наведванні Гомельскай вобласці азнаёміўся з патэнцыялам і вытворчымі магчымасцямі ААТ "Гомельагракамплект".

Прадпрыемства – вядучы вытворца абсталявання для жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, кармавытворчасці ў Беларусі. Як расказаў генеральны дырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Гомельагракамплект" Аляксандр Стрыбук, аб'ём прамысловай вытворчасці "Гомельагракамплекта" ў студзені – чэрвені склаў Br25,4 млн. Тэмп росту ў бягучых цэнах перавысіў 191%, індэкс прамысловай вытворчасці склаў 484%.

Кіраўнік паўночнага рэгіёна Беларусі азнаёміўся з вытворчым працэсам прадпрыемства. Акцэнт быў зроблены і на тым, як у Гомельскай вобласці арганізавана сістэма абслугоўвання прадпрыемствам даільных залаў (а іх больш за 340), над якімі перспектывамі працуе ААТ, абмяркоўваліся і аспекты лакалізацыі вытворчасці. Як падкрэсліў Аляксандр Стрыбук, пад кожны праект ствараецца індывідуальная даільная ўстаноўка. Пастаянна ідзе праца па сэрвісным абслугоўванні, рамонце, у тым ліку і танкаў ахалоджвання малака.

Генеральны дырэктар лічыць, што Віцебскі рэгіён можа ўвайсці ў лік ключавых пляцовак для "Гомельагракамплекта". "Нашым абсталяваннем аснашчаны аб'екты Віцебскай вобласці. Мы скаапераваліся з Віцебскай біяфабрыкай, навучылі іх спецыялістаў сэрвіснаму абслугоўванню даільных залаў", - удакладніў кіраўнік і дадаў, што новым крокам можа стаць будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў.

Наведванне "Гомельагракамплекта" стала адным з пунктаў праграмы рабочай паездкі губернатара паўночнага рэгіёна ў паўднёва-ўсходні. Таксама запланавана знаёмства з такімі прадпрыемствамі, як "Гомсельмаш", "Сцяг Радзімы", "Гомельаблдарбуд" і іншымі.